За паўторную язду на працягу года ў п'яным выглядзе - канфіскацыя аўтамабіля

19 июня 2013

Сёння дэпутаты адразу ў двух чытаннях адобрылі законапраект, які ўзмоцніць адказнасць нецвярозых вадзіцеляў. У цэлым у Авальнай зале разгарэлася небывалае абмеркаванне закона і небывалая аднадушнасць. Усе за.


Расказвае Вадзім Шчаглоў. Нягледзячы на вялікі пакет дакументаў, які сёння разглядалі ў беларускім парламенце (толькі міжнародных ратыфікацый было дзевяць), і журналісты, і дэпутаты чакалі, бадай, галоўнага законапраекта - гэта ўзмацнення адказнасці для нецвярозых вадзіцеляў. Закон у беларускі парламент унёс Прэзідэнт, і сёння дэпутаты прынялі яго адразу ў двух чытаннях.


Але за ўсім гэтым пасяджэнні экспертных груп, вывучэнне грамадскай думкі, шматлікія дыскусіі на форумах, у друку, на тэлебачанні. Пытанні ўзнімалі і журналісты, задаючы іх на вышэйшым узроўні. Падчас прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі беларускім і замежным СМІ Прэзідэнта таксама пыталіся аб парадку на дарогах. З моманту той студзеньскай прэс-канферэнцыі па краіне 16 тысяч затрыманых нецвярозых вадзіцеляў і кожны дзясяты - паўторна. Здавалася б, лічбы статыстыкі паўтараюцца з года ў год, але за імі - чалавечыя жыцці і скалечаныя лёсы. Таму нядзіўна, што ў Авальнай зале сёння небывалае абмеркаванне і небывалая аднадушнасць. Закон прыняты аднагалосна.


Забіраць аўтамабіль будуць толькі ў тых вадзіцеляў, хто сеў за руль п'яным як мінімум двойчы на працягу года, нават тут дзяржава дае шанц выправіцца. Меры не даюць падставы для крытыкі - калі вадзіцель пападзецца нецвярозым на чужой машыне, яе таксама канфіскуюць. Аднак трэба разумець: уладальнік аўто верагодна ведаў, што ў парушальніка і так няма правоў. Вырастуць і штрафы за язду ў нецвярозым выглядзе да 10 мільёнаў рублёў. Узмацняецца і крымінальнае пакаранне - пазбаўленне волі ад 5 да 10 гадоў, калі п'яны вадзіцель да смерці збіў чалавека. Аднак, прымаючы сёння законапраект, дэпутаты гаварылі не столькі пра яго, колькі пра далейшыя крокі на шляху вырашэння дарожных праблем, перад імі такія пытанні ставяць выбаршчыкі. І мяркуючы па ўсім, гэта толькі пачатак.


Генеральная пракуратура ініцыіравала прызнанне запісаў відэарэгістратара афіцыйным доказам у судзе. Выступаючы сёння перад дэпутатамі, генеральны пракурор засяродзіў увагу і яшчэ на адной праблеме: начных гонках. Нашумелая гісторыя, калі ў Мінскім раёне ў выніку такіх незаконных экстрэмальных забаў згарэў люксавы Bentley коштам 300 тысяч еўра. Вадзіцель і пасажыр тады цудам засталіся ў жывых. Гаварылі дэпутаты і пра байкераў, у цэлым апошнім часам яны дысцыплінаваныя, але сустракаюцца і зухі. На думку генпракурора, у СМІ вельмі шмат увагі надаюць парушальнікам, забываючыся пра пацярпелых і пра самі парушэнні.


Зрэшты, сёння ў парламенце ўспомнілі па просьбе журналістаў і яшчэ адну трагічную гісторыю, калі пасля пластычнай аперацыі ў прыватным медыцынскім цэнтры памерла 25-гадовая пацыентка. Тады з улікам грамадскага рэзанансу ў справу ўмяшаўся Кіраўнік дзяржавы і даручыў праверыць такія цэнтры па ўсёй краіне. Сёння аб'явілі вынікі праверкі - 12 медцэнтраў пазбавілі ліцэнзіі за грубыя парушэнні. Праверка закранула 260 прыватных медыцынскіх цэнтраў, якія аказваюць усе паслугі: ад акушэрства да стаматалогіі. А на наступным тыдні ў парламенце Міністэрства аховы здароўя будзе абараняць яшчэ адзін свой законапраект, згодна з якім нецвярозыя пацыенты павінны будуць поўнасцю аплачваць лячэнне.