У Беларусі стартаваў праект "Выбіраем студатрад!"

23 февраля 2017
Добрая навіна для тых, хто плануе правесці лета з карысцю. У Беларусі стартаваў традыцыйны праект самай моладзевай арганізацыі "Выбіраем студатрад!" Ва ўсіх ВНУ прайшлі тэматычныя акцыі і флешмобы. Каб стаць часткай каманды будаўнікоў, эколагаў, педагогаў або медыкаў, трэба толькі запоўніць анкету. Пры гэтым зарабляць можна круглы год.

Такой акцыяй, якая аб'яднала ўсе рэгіёны краіны, моладзь Беларусі заявіла аб сваёй пазіцыі, у тым ліку і па Дэкрэце № 3.

Андрэй Белякоў, першы сакратар ЦК ГА БРСМ: "Сітуацыя няпростая, вельмі шмат выклікаў і пагроз, але ёсць агульнавядомае правіла: трэба шмат працаваць, каб жыць лепш. На мой погляд, відавочна, што Дэкрэт № 3 з'яўляецца тым самым стымулам, каб грамадзяне працавалі. Любыя спекуляцыі на гэтую тэму непрымальныя, яны расколваюць грамадства, пры гэтым не вырашаючы праблему".

Мінулы працоўны сезон аб'яднаў каля 70 000 студэнтаў. Рэканструкцыя стадыёна "Дынама", будаўніцтва другой кальцавой і інфраструктуры БелАЭС - на гэтых аб'ектах летась студэнты зарабілі больш за ўсё: зарплата ў некаторых даходзіла да тысячы двухсот рублёў за месяц.