За беларускіх алімпійцаў на Гульнях у Пхёнчхане перажывалі ва ўсім свеце

7 марта 2018

І пацвярджэннем гэтага факта стаў ліст, які атрымалі ў Нацыянальным алімпійскім камітэце. У ім паштоўкі, намаляваныя вучнямі 5 класа школы Эдгар амерыканскага штата Вісконсін. А ў кожнай паштоўцы, якую дзеці малявалі сваімі рукамі, словы падтрымкі для нашых спартсменаў.

Большасць паштовак на англійскай мове, але ёсць адна нават на беларускай. "Паважаны алімпіец, маі імя Эма, я жыву ў Вісконсіне. Я напалову беларуска. Я спадзяюся, вы дабра выступіце! Шчыра, Эма". Або: "Дарагія беларускія спартсмены! Жадаю вам поспеху на гэтых Алімпійскіх гульнях. Спадзяюся, вы выйграеце шмат медалёў. Ваш фанат, Кэрлі Станел". У амерыканскім штаце існуе традыцыя. Перад кожнай Алімпіядай вучні выбіраюць тры краіны, за якія яны будуць хварэць падчас Гульняў. Сёлета школьнікі зрабілі выбар на карысць Беларусі, а таксама Польшчы і Швейцарыі.

На Гульнях у Пхёнчхане беларусы выйгралі тры медалі: дзве залатыя ўзнагароды - у Ганны Гуськовай у лыжнай акрабатыцы, у біятлоне ў жаночай эстафеце, а таксама серабро ў мас-старце Дар'і Домрачавай.