Выгульваць сабак па правілах

7 октября 2014

Сталічная міліцыя, жыллёвыя службы і арганізацыі па наглядзе за жывёламі працягваюць выяўляць парушэнні падчас выгулу сабак. Сёння рэйд прайшоў ў Першамайскім раёне. Найперш правяралі пляцоўкі для масавага выгулу хатніх гадаванцаў. Якая адказнасць прадугледжана за парушэнне? Разбіралася Надзея Сербіненка.


Восем гадзін раніцы. Двары за праспектам Незалежнасці. Уладальнікі сабак выводзяць сваіх гадаванцаў на прагулку. Адэліну Машанкову, гаспадыню пушыстага Дункана, неспадзяваная праверка не спужала. Правілы выгулу ведае сама і часам нагадвае суседзям.


Рэйд праводзяць работнікі мясцовага ЖЭСа, участковы міліцыянер і намеснік дырэктара Фаўны горада - часовага прытулку для сабак. Побач з ЖЭСам якраз пляцоўка для выгулу чатырохногіх. Ва ўладальнікаў сабак найперш правяраюць наяўнасць рэгістрацыі жывёлы і чарговы раз нагадваюць правілы выгулу.


У спісе неабходных атрыбутаў - поліэтыленавы пакет, павадок і наморднік. Але і гэтыя рэчы ў многіх не заўсёды ў наяўнасці.


Усе ўладальнікі сабак, якія жывуць у гарадской мяжы, павінны выконваць шэраг правілаў і патрабаванняў. Так, усе гадаванцы павінны быць на павадку. А вось наморднік прадугледжаны для сабак, якія вышэй за 25 сантыметраў. А ўладальнікаў, якія ігнаруюць гэтыя правілы, чакае адміністратыўная адказнасць.


Самае распаўсюджанае парушэнне - адсутнасць рэгістрацыі ў сабакі. Нядбайных гаспадароў чакаюць спачатку папярэджанні, а потым і штрафы.


Развіцця інцыдэнту прама на вачах у здымачнай групы не чакаў ніхто. Мужчына з суседняга дома выгульваў свайго лабрадора не па правілах. Ён адмовіўся размаўляць з маёрам міліцыі і нават паспрабаваў збегчы. Прыйшлося выклікаць падмогу.


Парушэнне правілаў утрымання хатніх жывёл прадугледжвае папярэджанне або штраф да 2 мільёнаў рублёў. У выпадку нанясення шкоды здароўю - штраф увогуле да чатырох з паловай мільёнаў або адміністрацыйны арышт.