Выязны прыём грамадзян у Слоніме

27 мая 2017

Тлумачальная праца з людзьмі на месцах вядзецца недастаткова эфектыўна.

Такое меркаванне сёння агучыў падчас выязнога прыёму грамадзян у Слоніме начальнік Галоўнага ўпраўлення па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Рыгор Шлык. Асноўныя пытанні ад мясцовых жыхароў датычыліся добраўпарадкавання вуліц, пракладкі водаправода, асфальтавання дарог у сельскай мясцовасці, якасці рамонту дамоў.

Рыгор Шлык, начальнік галоўнага ўпраўлення па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі:

"Выязныя прыёмы, гэта, можна сказаць вобразна, барометр, які паказвае надвор'е ў грамадстве. Людзі павінны ведаць на крок, на два, на тры наперад планы ўлады. Што яны плануюць зрабіць, што палепшыць. Калі б гэтая праца вялася на планавай аснове, вядома, шматлікія звароты мы маглі б выключыць".

Усе праблемы будуць дэталёва вывучаныя і прааналізаваныя. Адміністрацыя Прэзідэнта працягне практыку выязных прыёмаў у малых гарадах і на працягу чэрвеня.