Другі дзень нараджэння адзначае Следчы камітэт Беларусі

12 сентября 2013

Роўна два гады назад Прэзідэнт падпісаў указ аб стварэнні ўніверсальнага ведамства. Новая структура аб'яднала работу пракурораў, следчых і супрацоўнікаў дзяржкантролю. Відавочна, паспяхова. Эксперты адзначаюць: за гэты час следчыя зрабілі вялікі крок наперад - раскрыты дзясяткі гучных крымінальных спраў. І сёння дзень нараджэння ведамства супаў з яшчэ адной знакавай падзеяй. Следчыя па ўсёй краіне прынеслі прысягу на вернасць Радзіме. У Мінску рытуал прайшоў на плошчы Дзяржаўнага флага Беларусі.


З урачыстай цырымоніі - рэпартаж Сяргея Шуманскага.


Роўна 2 гады назад, 12 верасня 2011 года, Прэзідэнт Беларусі падпісаў указ аб стварэнні Следчага камітэта - універсальнага праваахоўнага ведамства, якое павінна было аб'яднаць работу пракурораў, следчых і супрацоўнікаў дзяржкантролю. Новая структура атрымала статус дзяржаўнага праваахоўнага органа, напрамую падпарадкаванага Прэзідэнту.


Рашэнне аб стварэнні Следчага камітэта Кіраўнік дзяржавы агучыў падчас нарады па пытанні ўдасканалення сістэмы органаў папярэдняга расследавання.


Стварэнне Следчага камітэта паклала пачатак карэннай рэформе беларускай праваахоўнай сістэмы. На працягу двух гадоў праца следчых знаходзілася пад пільнай увагай грамадскасці. Яно і зразумела, бо камітэт быў закліканы стаць увасабленнем справядлівасці, а яго супрацоўнікі - узорам служэння закону. І сёння ўжо можна з упэўненасцю сказаць: станаўленне самастойнага адзінага органа папярэдняга расследавання адбылося.


Валянцін Шаеў, старшыня Следчага камітэта Беларусі: За 2 гады наша структура адбылася, і мы даказалі не толькі сваё права на існаванне, але і тымі паказчыкамі, якімі валодае следства на сённяшні дзень, мы пацвердзілі эфектыўнасць працы нашай сістэмы.


Аб эфектыўнасці і неабходнасці падобнай структуры ў Беларусі лепш за ўсё гаворыць статыстыка. З моманту ўтварэння ведамства раскрывальнасць злачынстваў у краіне значна павялічылася. Прыкметна палепшылася і якасць папярэдняга следства. За 2 гады следчыя раскрылі некалькі дзясяткаў гучных крымінальных спраў. Напрыклад, рабаванне банка ў Любані, крадзеж грошай з банкаўскіх картак беларусаў малдаўскімі кардэрамі і жорсткае забойства мінчанкі Таццяны Слонімскай. Усе гэтыя злачынствы былі раскрытыя ў свмыя кароткія тэрміны.


Валянцін Шаеў, старшыня Следчага камітэта Беларусі: І вынікі вывучэння асобных крымінальных спраў, і паказчыкі СК, і статыстычныя дадзеныя працы іншых праваахоўных органаў сведчаць, што якасць папярэдняга расследавання павысілася па шматлікіх паказчыках.


Сімвалічна, што дзень нараджэння Следчага камітэта супаў з яшчэ адной знакавай падзеяй. Следчыя па ўсёй краіне сёння ўрачыста прысягнуліся на вернасць Радзіме і прафесіі. Каля 130 афіцэраў у Мінску прынеслі прысягу на плошчы Дзяржаўнага флага.

На сённяшні дзень следчыя шчыльна ўзаемадзейнічаюць з МУС, Генпракуратурай, КДБ, Дэпартаментам фінансавых расследаванняў і новым дзяржаўным органам - Камітэтам судовых экспертыз. Акрамя таго, у рамках міжнародных адносін сёлета было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж следчымі камітэтамі Беларусі і Расіі.


Спыняцца на дасягнутым следчыя не збіраюцца. Бо барацьба са злачыннасцю з кожным годам толькі набірае абароты. І сёння асноўныя задачы перад супрацоўнікамі Следчага камітэта застаюцца ранейшымі - аб'ектыўнае і аператыўнае расследаванне злачынстваў, абарона правоў і законных інтарэсаў беларусаў.