Усебеларускі хрэсны ход ідзе ад царквы да царквы. Раскажам, якія гарады яшчэ наперадзе

22 августа 2023

112 кіламетраў малітвы ў мінулым. Усебеларускі хрэсны ход у шляху ўжо пяты дзень. Пройдзена палова маршруту. Сёння вернікі на нагах з 6:30. Зараз ідзе літургія ў Петрапаўлаўскам храме аграгарадка Карэлічы Гродзенскай вобласці. Наперадзе - праваслаўнае шэсце 36 кіламетраў праз Шчорс і да храма Архангела Міхаіла аграгарадка Налібокі. У малітве аб'ядналіся паўтысячы вернікаў з Беларусі і замежжа.

Усебеларускі хрэсны ход завершыцца 26 жніўня ў Мінску

Вернікі ідуць шэсцем ад царквы да царквы з 18 жніўня. Першае набажэнства прайшло ў Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры, адтуль і далі старт хрэснаму ходу. Кожны дзень паломнікі праходзяць ад 20 да 40 кіламетраў. Іх малітвы ўжо прагучалі ў Слоніме, вёсках Моўчадзь, Гарадзішча і Цырын. Усяго ж хрэсны ход аб'ядноўвае 4 епархіі і доўжыцца 9 дзён. Дарэчы, прысвечана малітоўнае шэсце 850-годдзю скону прападобнай Еўфрасінні Полацкай.

Заўтра вернікі дойдуць да гарадскога пасёлка Івянец. Да малітоўнага шэсця можна далучыцца на любым адрэзку шляху. Фінальным жа пунктам стане Свята-Духаў кафедральны сабор, дзе пройдзе суботняя святочная літургія.