Упершыню святочнае шэсце ў Віцебску прайшло па новым маршруце

3 июля 2019

Урачыстасці сёння праходзяць ва ўсіх кутках краіны. Зараз з намі на сувязь выходзіць Віцебск. 

Святочнае шэсце ў Віцебску сёння ўзначаліла полымя Перамогі. Факел даставілі з Лёзна - першага населенага пункта, вызваленага ў Віцебскай вобласці. 

Над галовамі - 23 флагі гарадоў і раёнаў поўначы краіны, а таксама дакладная копія сцяга Перамогі. Сёння ён у руках школьнікаў з пасёлка Ідрыца Пскоўскай вобласці. Бо над рэйхстагам у маі 45-га быў падняты штурмавы флаг 105-й стралковай Ідрыцкай дывізіі 79-га стралковага корпуса ўдарнай арміі 1-га Беларускага фронту. 

Упершыню святочнае шэсце ў Віцебску прайшло па новым маршруце - да плошчы Перамогі па Маскоўскім праспекце, адной з галоўных гарадскіх магістраляў. Удзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі да Вечнага агню. Дарэчы, ён быў запалены 45 гадоў таму ад полымя на сталічнай плошчы Перамогі. 

Самай маляўнічай часткай свята стаў ваенны парад разлікаў Віцебскага гарнізона. Упершыню калону ўзначалілі войскі тэрытарыяльнай абароны, сфарміраваныя на базе Бешанковіцкага раёна. Завяршыўся парад дэманстрацыяй ваеннай тэхнікі. 

Сёння ў Віцебску таксама адкрылі мемарыяльную дошку ўдзельніку Вялікай Айчыннай вайны, ганароваму грамадзяніну горада Мікалаю Сакмаркіну. Ля ўсіх помнікаў героям-абаронцам ляжаць жывыя кветкі. Свята працягнецца да позняга вечара. На плошчах гучыць музыка, працуюць выставы, іграюць духавыя аркестры.