Уладзіслаў Ганчароў сёння сустрэўся з выхаванцамі Віцебскай СДЮШАР №1

24 августа 2016

Алімпійскі чэмпіён Уладзіслаў Ганчароў сёння сустрэўся з выхаванцамі і трэнерамі Віцебскай СДЮШАР №1. Менавіта тут ён рабіў першыя крокі да сваёй галоўнай узнагароды - золата ў Рыа. Батутысты-пачаткоўцы распавялі спартсмену пра свае дасягненні, а таксама пацікавіліся формулай поспеху алімпійскага чэмпіёна. Марына Раманоўская прадоўжыць.

На ўваходзе ў СДЮШАР №1 - чырвоная дывановая дарожка. У руках у выхаванцаў - плакаты і альбомы для аўтографаў. Уладзіслава Ганчарова сустракаюць пад гучныя апладысменты. Менавіта тут алімпійскі чэмпіён рабіў першыя крокі да сваёй галоўнай перамогі.

Свой алімпійскі выбар Уладзіслаў Ганчароў зрабіў менавіта на карысць СДЮШАР №1. Пятнаццаць тысяч рублёў пойдуць на развіццё гэтага прыгожага і відовішчнага віду спорту.

Віцебская школа скачкоў на батуце вядомая ва ўсім свеце яшчэ з савецкіх часоў. За чатыры дзясяткі гадоў тут падрыхтавалі вялізную колькасць майстроў спорту міжнароднага класа. У скарбонцы віцебскіх спартсменаў больш за 200 медалёў рознай вартасці. Зараз ёсць і алімпійскае золата.

Дэбют Уладзіслава Ганчарова ў Рыа павярнуўся ўпэўненай перамогай. Да галоўнай узнагароды ён ішоў з васьмі гадоў. Ужо тады родныя і блізкія спартсмена верылі: медаль абавязкова будзе наш.

Хварэлі за спартсмена ўсёй краінай. Класны кіраўнік алімпійскага чэмпіёна Таццяна Пяцько дагэтуль успамінае, як ля экрана тэлевізара не магла стрымаць эмоцый. Ганарылася Уладзіславам.

Выхаванцы Віцебскай СДЮШАР №1 ведаюць: за любымі перамогамі заўсёды стаяць доўгія і ўпартыя трэніроўкі. Аб гэтай жа формуле поспеху гаварыў і алімпійскі чэмпіён. Падчас урачыстай сустрэчы юныя спартсмены паабяцалі гэты ўрок засвоіць на выдатна.