Вівальдзі і Queen, танцавальны фальклор і гісторыі на палотнах - у рубрыцы "Праменад"

18 августа 2023

Вівальдзі, Моцарт, Queen і "Лінкін Парк" ля Лошыцкай сядзібы. 19 жніўня філіял Музея гісторыі Мінска зноў адкрые музычны салон, галоўны ўдзельнік - адзінае ў Беларусі віртуознае фартэпіяннае дзявочае трыа.

Праект "Губернатарскі сад" запрашае адпачыць ад спякоты каля Купалаўскага тэатра пад танцавальны фальклор. Хто хэдлайнер бясплатнага канцэрта? І дзе можна адчуць настальгію па "Мінскім настроі", што быў гадоў 50 таму? Падрабязнасці глядзіце ў рубрыцы "Праменад".

Месца сустрэчы эстэтаў кожную суботу - Аляксандраўскі сквер ля Купалаўскага тэатра. Замест фантана партэр, а на сцэне народныя і заслужаныя артысты. Канцэрт бясплатны. 19 жніўня тут будуць "Харошкі". Першае выступленне ў юбілейным, 50-м сезоне.

"Беларускія мадонны" і "Гусарыкі" адпачылі і зноў сабраліся ажывіць нашы нацыянальныя коды ў танцавальных па. У чацвер прайшла зборная рэпетыцыя ў поўным складзе. "Харошкі" заўсёды агучваюць запісаныя ў вёсках мелодыі цымбаламі, шчоткамі, скрыпкамі. Некаторым інструментам больш за паўстагоддзе. Для канцэрта пазл з плацінавага - тых нумароў, што заўсёды пад авацыі.

Калектыў "Харошкі" адрозніваецца не проста наборам танцаў, гэта паўнавартасны спектакль на паўтары гадзіны. Танцоры пераапранаюцца на кожны нумар.

19 жніўня каля Купалаўскага а 16-й гадзіне будзе танцавальная атмасфера. А вось які настрой быў на мінскіх вуліцах гадоў 50 таму? Усё фіксавалі народныя мастакі: закаханых на вуліцы Кірава, феерыю футбола ці ўвогуле чэргі ў аўтобусах. Гэта можна ўбачыць у галерэі Савіцкага. Там адбудзецца прэм'ера.

Сумесна з Беларускім саюзам мастакоў мастацтвазнаўцы адабралі больш за 60 гісторый на палотнах. Гарадскія рэпартажы ад народных майстроў Вашчанкі, Паплаўскага, Тычыны, Пуцейкі і іншых. Гэтыя работы эстэты разглядалі толькі двойчы, і зараз карціны выстаўлены зноў. Такое прысвячэнне напярэдадні Дня горада. Прызнаныя і недаацэненыя легенды малявалі раніцу ў гарадскім пакоі і мінскія мікрараёны.

У трыа з жывапісам і лінагравюрамі выстаўлены і ўрбаністычныя скульптуры. Тут няма канкрэтнага сезона і рэдка сустрэнеш год напісання карціны. Стваральнікі выставы прапануюць нанова пазнаць Мінск. У тым ліку і праз кінакарціну 1954 года, знятую на "Беларусьфільме". Для прагляду дакументальнай стужкі ў лічбе арганізавалі і міні-кіназалу прама ў перыметры экспазіцыі.

Тым часам у перыметры Нацыянальнага мастацкага можна прасачыць сувязь тэатра і рэлігіі. Так бачылі дзеці Беларусі і Расіі ва ўзросце ад 5 да 16 гадоў. На сценах 35 разважанняў алеем на палотнах. Гэта выстава арганізавана ў рамках міжнароднага праекта "Увесь свет - тэатр". Конкурс праходзіць 14 раз і пад патранажам расійскага Музея гісторыі рэлігій. Юныя мастакі фармулявалі на палотнах антычны эпас, славянскія казкі і міфы Усходу.

Ад Беларусі ўдзел у праекце прынялі сем школ з мастацкім ухілам. Гэта ўстановы Мінска і Валожына.

Мастацкі - гэта апошняя і адзіная беларуская лакацыя ў гэтым выставачным маршруце з пяці гарадоў. Ацаніць, як сёння дзеці бачаць рэлігійныя сюжэты, можна да 4 верасня. 

Больш культурных явак і арт-пароляў на сайце БТ. Сачыце за навінамі кожную раніцу на "Беларусь 1" .