Віцебскі інжынер вырабляе гайкі і водаправодныя краны з… шакаладу

25 февраля 2016

У яго калекцыі патрэбны інструмент знойдзе сантэхнік, аўтаслесар і нават стаматолаг. Віцебскі інжынер сваімі рукамі кожны дзень вырабляе пасатыжы, гайкі, водаправодныя краны. Адрозніць ад сапраўдных іх можна… толькі па смаку. Інструменты hand-made - шакаладныя.

Вольга Маслоўская паспрабавала ласунак у форме разваднога ключа. Знайсці адрозненні паміж гэтымі водаправоднымі кранамі немагчыма. Датуль, пакуль не возьмеш гэтыя прадметы. Метал цяжэйшы. А шакалад смачнейшы. У калекцыі віцебскага інжынера-будаўніка Максіма Саўчанкі - ядомыя копіі 20 відаў інструментаў.

4-тоннае велікоднае яйка, шакаладны экспрэс даўжынёй 34 метры, салодкая копія Эйфелевай вежы і старажытнага храма майя. Чаго толькі не рабілі з шакаладу за яго шматвяковую гісторыю. Але толькі ў Віцебску рэальна ўбачыць ядомую свечку запальвання.

Шакаладным канструяваннем Максім заняўся паўгода таму. З уласцівай тэхнарам педантычнасцю вывучыў працэс вырабу шакаладных фігур. Сыравіна - шакаладныя гранулы для прафесійнага выкарыстання. Формы - з харчовага сілікону. Іх шакалацье вырабляе сам. За аснову бярэ сапраўдныя запчасткі і інструменты.

Новае хобі прымусіла інжынера ўспомніць урокі хіміі. Каб атрымаць шакалад пэўнай формы, салодкая маса павінна некалькі разоў награвацца і астываць да вызначанай тэмпературы. Калі адыдзеш ад тэхналогіі, шакалад будзе раставаць не ў роце, а ў руках.

Фінальны акорд - шака-арт. Дзякуючы харчоваму фарбавальніку колеру серабра і латуні шакаладныя фігуры практычна нельга адрозніць ад сапраўдных. Ва ўсялякім разе знаёмыя аўтаслесары ўжо прайгралі не адну спрэчку, не паверыўшы, што свечку запальвання можна з'есці.