Вясна-2015 будзе анамальна цёплай і кароткай

28 февраля 2015

Паводле прагнозаў сіноптыкаў, тэмпература паветра ў сакавіку перавысіць кліматычную норму на 4-6 градусаў. Прагназаваць жа надвор'е на ўсю вясну спецыялісты пакуль не спяшаюцца, як і не спяшаюцца гаварыць аб сур'ёзных змяненнях клімату.  Тэму надвор'я працягне наш карэспандэнт Дзіяна Равякова.

Анамальна цёплая і кароткая плюс дажджлівая. Менавіта такі пагодны кактэйль, паводле слоў сіноптыкаў, чакае беларусаў гэтай вясной.

Дзмітрый Рабаў, начальнік службы Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі: "У найбліжэйшыя дні сярэдняя тэмпература паветра чакаецца на 4-6 градусаў вышэйшай за кліматычную норму, гэта значыць надвор'е характэрна як раз для канца сакавіка. Нягледзячы на тое, што надвор'е будзе сырым, цёплым  і вільготным, часам будуць выпадаць ападкі ў выглядзе мокрага снегу, дажджу".

Ужо ў пачатку сакавіка днём тэмпература паднімецца да 8 градусаў, вядома, са знакам плюс. Ноччу замаразкаў не чакаецца. Сіноптыкі гавораць, што калі  халады і вернуцца, то з невялікім мінусам. Дарэчы, і адыходзячую зіму спецыялісты таксама прызналі анамальна цёплай.

Паводле слоў беларускіх сіноптыкаў, гэта зіма сапраўды ўвойдзе ў дзясятку самых цёплых зім у нашай краіне. Сярэдняя тэмпература паветра ў адыходзячым сезоне была прыкладна  мінус 2 градусы. Гэта на 3 пункты вышэй за  кліматычную норму.

Вышэй за норму будзе надвор'е і вясной, што, вядома, не можа не радаваць. Калі верыць сіноптыкам, то яна ўжо наступіла яшчэ два тыдні таму. Але нягледзячы на тэмпературны плюс, псіхолагі лічаць, што сапраўдны вясновы настрой прыйдзе да беларусаў усё ж з сакавіком на календары або нават з галоўным вясновым святам. Уся справа ў колькасці сонечных дзён, якіх у лютым, незалежна ад градуса на тэрмометры,  значна менш, чым у сакавіку.

Аляксандра Кулак, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт БДУ:

"Зараз многія людзі будуць адчуваць сонечнае галаданне. Гэта будзе выяўляцца ў зніжаным настроі, дэпрэсіўных нейкіх асаблівасцях, у мышачнай слабасці, нежаданні працаваць, мець зносіны. У любы сонечны дзень пажадана выходзіць, пастаўляць твар, кісці рук на сонейка і больш пазітыву".

 

У цэлым апошнія некалькі гадоў назіраецца такая пагодная тэндэнцыя: зіма стала карацейшай, вясна таксама, а вось лета і восень насупраць - даўжэйшымі. Зрэшты, спецыялісты лічаць, што гэта ўсё тая ж кліматычная норма.

Алена Камароўская, начальнік аддзела клімату Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі: "Каляндарнае лета і каляндарная зіма  заўсёды застануцца, а вось кліматычныя сезоны з года ў год крыху змяняюцца ў той або іншы бок, бывае гэта даходзіць да 20 дзесьці дзён".

Вось і сёлета вясновы кліматычны сезон зрушыўся, за вокнамі беларусаў  вясна ўжо амаль тры тыдні, а каляндарная наступіць літаральна праз некалькі гадзін. І што важна - яна абавязкова будзе цёплай.