Увесь свет смуткуе па загінуўшых у авіякатастрофе ў Егіпце

1 ноября 2015

У Расіі аб'яўлена нацыянальная жалоба. Словы спагады выказваюць не толькі першыя асобы дзяржаў, але і звычайныя людзі. Першыя свечкі і кветкі ля расійскага пасольства ў Мінску з'явіліся яшчэ ўчора. Сёння з самай раніцы да сцен дыпламатычнай місіі працягваюць ісці людзі, якія жадаюць падтрымаць родных і блізкіх загінуўшых. На борце былі цэлыя сем'і, прадстаўленыя трыма пакаленнямі.

Людзі прыносяць чырвоныя гваздзікі як знак смутку. Выказаць спачуванні прыходзяць у тым ліку і грамадзяне Расіі.

На борце лайнера, што ляцеў з Шарм-эль-Шэйха ў Санкт-Пецярбург і разбіўся напярэдадні, акрамя расіян, былі грамадзяне Украіны і адзін беларус. Раман Серадзінскі - 28-гадовы ўраджэнец горада Клічава Магілёўскай вобласці - ужо некалькі гадоў жыў у Пецярбургу і адтуль адправіўся на адпачынак.