"Велком" прапаноўвае прабегчы і тым самым прыняць удзел у дабрачыннай акцыі

28 мая 2016

"Велком" - бягом". "Велком" прапаноўвае прабегчы і тым самым прыняць удзел у дабрачыннай акцыі. За кожны кіламетр дыстанцыі мабільны аператар пералічыць на адрас Івянецкага інтэрната для дзяцей-інвалідаў па 20 тысяч беларускіх рублёў. Выйсці на прабежку беларусам можна ў любым месцы зямнога шара. Галоўнае - фіксаваць свой вынік.

Вячаслаў Смірноў, начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі Velcom: "Сёння і заўтра дастаткова толькі выйсці са смартфонам і зафіксаваць свой вынік пры дапамозе спецыяльнага дадатка фітнес-трэкера. Далей усё астатняе зробім мы. Вы выкладваеце яго ў сацсеткі, мы лічым за адзін кіламетр па 20 тысяч беларускіх рублёў".

Алена Петрашкевіч, дырэктар Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця: "Усе грашовыя сродкі, якія будуць сабраныя падчас правядзення гэтай акцыі, пойдуць на будаўніцтва спартыўнай пляцоўкі. Можа быць, трошкі і набудзем нейкія спартыўныя прыстасаванні. І, я мяркую, дзеці ўсе будуць задаволеныя, яны будуць мець такую прыгожую новую пляцоўку і будуць на ёй займацца".

Акцыя завершыцца заўтра - 29 мая - апоўначы. Арганізатары адзначаюць, што летась удзельнікам амаль пакарылася планка ў 10 тысяч кіламетраў. Гэта параўнальна з адлегласцю ад Мінска да Гаваны. А сёлета "Велком" разлічвае, што дыстанцыя павялічыцца і беларусы прабягуць больш як 11 тысяч кіламетраў. Сімвалічна, што столькі ж ад нас да Рыа-дэ-Жанэйра - горада, які прыме Алімпіяду.