Валёнкі са Смілавіч папулярныя не толькі ў Беларусі

12 января 2016

Снег і мароз ажывіў попыт на зімовыя тавары, што толькі радуе вытворцаў. Напрыклад, смілавіцкія валёнкі нарэшце сталі самым запатрабаваным таварам. Толькі за студзень на фабрыцы плануюць выпусціць да 10 тысяч пар натуральнага абутку з воўны. Дарэчы, беларускія валёнкі зараз носяць не толькі ў нашай краіне - іх купляюць у Латвіі, Казахстане, Канадзе і нават Фінляндыі. Надзея Сербіненка пабывала на фабрыцы.

Зіма для работнікаў Смілавіцкай валюшна-лямцавай фабрыкі вельмі напружаны, але доўгачаканы перыяд. Цэлы год яны вырабляюць у прамым сэнсе сезонны тавар – валёнкі з натуральнай воўны.

Пяцьсот пар за дзень - менавіта столькі зімовага абутку вырабляюць на фабрыцы. Вытворчасць валёнкаў пачынаецца з апрацоўкі сыравіны - воўны. Усяго ж, каб стаць якасным валёнкам, ён праходзіць трыццаць шэсць розных аперацый. Большасць з іх выконваюць уручную.

Кожны валёнак катаюць, сціскаюць і прасуюць - так ён набывае звыклую форму абутку.

Пасля апрацоўкі гарачай вадой і парай валёнак высушваюць і здымаюць з жалезнай формы.

Потым гатовы абутак трапляе ў рукі зборшчыкаў і швачак – нарэшце валёнкі гатовыя для продажу.

Валёнкі са Смілавіч папулярныя не толькі ў Беларусі. 70% сваёй прадукцыі фабрыка пастаўляе на экспарт - у Расію, Латвію, Казахстан, Канаду і Фінляндыю. Дарэчы, па-сапраўднаму зімовы абутак будзе актуальны яшчэ як мінімум месяц. Сіноптыкі абяцаюць: другая палова зімы будзе снежнай і сцюдзёнай.