У Валожыне з'явілася мемарыяльная пліта

3 июля 2015

У Валожыне на месцы, дзе планавалі пабудаваць жылы комплекс, з'явілася мемарыяльная пліта. Гісторыя аб страшнай знаходцы год таму ўскалыхнула беларускі раённы цэнтр і змяніла планы будаўнікоў. Больш за сто астанкаў чалавечых цел знайшлі на месцы былога футбольнага стадыёна.

Чым усё скончылася, ведае Руслан Туркоў. Леанід Рубінштэйн - чалавек-легенда. Многія яго сябры і знаёмыя да гэтага часу не могуць зразумець, як ён змог прайсці праз дзевяць нацысцкіх канцлагераў. Але ён прайшоў і сёння расказвае нам, як выжываў у мінскім гета і як на яго вачах знішчалі людзей у Асвенцыме і Дахау.

Леанід Рубінштэйн упершыню ў Валожыне, але гэта месца, а больш дакладна, былы футбольны стадыён, яму знаёмы. У гады вайны такія спартыўныя пляцоўкі нацысты выбіралі ў якасці арэны смерці для беларусаў, рускіх, яўрэяў і яшчэ некалькіх дзясяткаў нацыянальнасцяў па ўсёй краіне. Восенню 1941 года фашысты сагналі сюды жыхароў Валожына і тых, хто знаходзіўся ў мясцовым гета і расстралялі. За тым, што адбывалася, нацысты назіралі з трыбун.

Роўна год таму на гэтым месцы планавалі пабудаваць жылы комплекс. Аднак ужо першыя раскопкі шакіравалі рабочых, на кожным метры зямлі былі знойдзеныя чалавечыя астанкі.

Буйная камерцыйная кампанія адмаўляецца ад новабудоўлі тут і пераносіць свае планы ў іншы раён горада. Аднак гісторыя на гэтым не сканчаецца, кіраўніцтва вырашае ўвекавечыць памяць тых, хто загінуў на гэтым месцы больш як 70 гадоў таму.

Будаўнікоў змянілі спецыялісты з Міністэрства абароны. За некалькі месяцаў раскопак знайшлі больш за сто цел. Вызначыць асобы загінуўшых так і не ўдалося, нацысты перад расстрэлам знішчылі ўсе дакументы. Але, як заўважыў на цырымоніі адкрыцця памятнай пліты пасол Ізраіля ў Беларусі Іосіф Шагал, у іх на радзіме ёсць такая мудрасць: "Пакуль мы памятаем, аб тых, каго з намі ўжо няма, яны будуць жыць. І мяркуючы па тым, як ставяцца да гэтай памяці ў Беларусі, тыя, хто загінуў за сваю Радзіму ў гады Вялікай Айчыннай вайны, будуць жыць вечна".