У Віцебскай вобласці галасаванне праходзіла на 848 участках

11 октября 2015

52 з іх размешчаны ў бальніцах, дамах адпачынку, санаторыях і воінскіх часцях. Ужо да 12 гадзін яўка выбаршчыкаў склала 50 %. Жыхары рэгіёна ішлі на выбары з прыўзнятым настроем. Гэтаму спрыяла не толькі добрае надвор'е, але і атмасфера на ўчастках. У школах і дамах культуры праходзілі канцэрты. На ўчастках працавалі гандлёвыя пункты. За выбарамі ў рэгіёне сачыла Вольга Маслоўская.

7 раніцы. Але за зачыненымі пакуль дзвярамі ўчастка для галасавання № 36 у Віцебску ажыўлена. Ідзе працэдура праверкі і апячатвання урн. Як таго патрабуе закон, скрыні для галасавання апламбаваліся ў прысутнасці не менш як 2\3 складу ўчастковай камісіі. За працэсам сачылі назіральнікі. Роўна ў 8 участкі прынялі першых выбаршчыкаў.

Да гэтых выбараў у абласным цэнтры на адзін участак стала больш. Ён з'явіўся ў новым мікрараёне. На яго тэрыторыі жывуць дзве тысячы выбаршчыкаў. Гэта маладыя сем'і, якія зусім нядаўна ўсяліліся ў новыя кватэры. На выбары ішлі з дзецьмі. Жартавалі, што так шматлюдна ў школьным двары бывае толькі падчас лінеек.

У спісах выбаршчыкаў у паўночным рэгіёне - 870 тысяч жыхароў. Гэта 72 % насельніцтва вобласці.

Пік актыўнасці чакана прапаў на поўдзень. Ужо да 12 гадзін у вобласці з выбарам вызначылася больш як палова выбаршчыкаў - як у гарадах, так і ў сельскай мясцовасці.

Разам з сынам сёння на выбарчы ўчастак прыйшоў вядомы віцебскі хірург, рэктар Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта Анатоль Шчасны. Менавіта ён у верасні правёў першую ў рэгіёне аперацыю па перасадцы ныркі. Яго сын Артур - таксама будучы ўрач - прымае ўдзел у выбарах упершыню.

Дарэчы, у Віцебскай вобласці ўпершыню галасавалі 12 тысяч чалавек. Каб гэты дзень маладым выбаршчыкам запомніўся, для іх падрыхтавалі сувеніры і паштоўкі са зваротам кіраўніка Цэнтрвыбаркама. А вось Герай Сацыялістычнай Працы Яўген Чарвякоў прыйсці на ўчастак у сілу ўзросту не змог. Сёлета ветэран Вялікай Айчыннай адзначыў 90-годдзе. Галасаваў дома. Бюлетэнь і урну даставілі работнікі ўчастковай камісіі.

За ходам галасавання, у тым ліку і дома, сачылі назіральнікі. Міжнародных і нацыянальных экспертаў у рэгіёне акрэдытавана больш за 6 тысяч.