У Віцебску ўвекавечылі памяць земляка лейтэнанта Сяргея Чарнышова

15 февраля 2017

Яго жыццё абарвалася ў небе над Афганістанам. Выпускнік Сызранскага ваеннага авіяцыйнага вучылішча, штурман-лётчык верталёта праслужыў у Афганістане менш за месяц, але за гэты час паспеў ажыццявіць 19 баявых вылетаў. У апошнім загінуў увесь экіпаж верталёта. Лейтэнанту Чарнышову тады было 23 гады. Пасмяротна ён узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. І сёння на будынку, дзе размяшчалася родная 12-я школа героя, адкрылі мемарыяльную дошку.

Любоў Чарнышова, удава:

"Нягледзячы на тое, што прайшло шмат гадоў, боль усё роўна застаецца. Застаецца, гледзячы на дзяцей, зараз ужо на ўнукаў. Разам з тым гонар за нашых вайскоўцаў, якія апраўдалі надзеі нашай дзяржавы, ваявалі, чымсьці дапамаглі народу Афганістана".

Валяр'ян Мацкевіч, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане:

"Для Віцебска слова "Афганістан" мае значэнне па прычыне таго, што тут дыслакавалася 103-я гвардзейская паветрана-дэсантная дывізія, якая першая пачала баявыя дзеянні і апошняя адтуль выйшла. Загінуўшых прывозілі, і гэта ўсё праходзіла праз сэрцы і душы жыхароў горада".

Інтэрнацыянальны доўг у Рэспубліцы Афганістан выконвалі больш за 6 тысяч ураджэнцаў Віцебскай вобласці. Дахаты не вярнуліся 160 воінаў. У рэгіёне ідзе праца па ўвекавечванні памяці загінуўшых. Мемарыяльныя дошкі ўстанаўліваюць на навучальных установах, дзе вучыліся героі.