У Віцебску кветкі ўсклалі да Вечнага агню на плошчы Перамогі, а таксама да бюста Героя Савецкага Саюза Пятра Машэрава

9 мая 2020
Урачыстыя мерапрыемствы праходзяць па ўсёй краіне. У Віцебску кветкі ўсклалі да Вечнага агню на плошчы Перамогі, а таксама да бюста Героя Савецкага Саюза Пятра Машэрава. У горадзе з самай раніцы працуе наша здымачная група. 

Расказвае Марына Раманоўская: На галоўнай плошчы Віцебска людзі пачалі збірацца бліжэй да дзесяці раніцы. Па традыцыі кветкі ўсклалі да падножжа мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў. Ва ўрачыстай цырымоніі прыняло ўдзел і кіраўніцтва вобласці. 

Віцебск у гады Вялікай Айчыннай вайны ляжаў у руінах. На момант вызвалення тут практычна не засталося людзей. Вайна закранула кожнага.  Ужо з першых дзён вайны на тэрыторыі Віцебскай вобласці быў разгорнуты падпольны і партызанскі рух. Народныя мсціўцы супрацьстаялі ўзброенай арміі праціўніка. Іх подзвіг шануюць спадчыннікі перамогі. А ў гэтыя хвіліны ў Дубровенскім раёне праходзіць адкрыццё абноўленага мемарыяла "Рыленкі". Гэта брацкае пахаванне, дзе сама меней дзесяць тысяч чалавек. І сёння, у Дзень Перамогі, комплекс здабыў новае жыццё.