У цэнтральным рэгіёне да гэтай гадзіны свой выбар зрабіла амаль палова выбаршчыкаў

11 сентября 2016

Усяго  тут 1023 участкі. За галасаваннем у Мінскай вобласці назірала Антаніна Станкевіч.

Невялікі, але стабільны паток людзей на ўчастку №28 Заслаўскай акругі - з самай раніцы. Галасаваць прыходзяць паасобку і цэлымі сем'ямі. Пяціхвілінная справа - закінуць бюлетэнь ва урну - але вельмі важная для кожнага жыхара Мінскай вобласці.

Алена Хрол жыве непадалёк і на выбары прыйшла разам з дочкамі. Гаворыць, прыходзіць з дзецьмі на такое мерапрыемства зараз вельмі зручна - ісці недалёка. Ды і дзяўчынкам карысна далучацца да дарослага, у тым ліку і грамадска-палітычнага жыцця.

Улічваючы спецыфіку ўчастку, шматлікія сёння ідуць з дзецьмі, і менавіта ім падаецца ганаровая місія - закінуць  бюлетэнь у кошык. Хоць, зразумела, галоўны выбар  робяць дарослыя. Усяго ў Мінскай вобласці ў спісы выбаршчыкаў уключаныя крыху больш як адзін мільён сто тысяч чалавек. Ім трэба вызначыць 17 дэпутатаў з 55 прэтэндэнтаў.

За ходам выбараў у Мінску і вобласці сочаць і назіральнікі. З раніцы ўчастак наведалі прадстаўнікі АБСЕ, а на працягу дня працуюць іх беларускія калегі.

І, вядома, настрой выбаршчыкам паднімаюць творчыя калектывы. Ля ўваходу на выбарчы ўчастак разгарнулася  канцэртная пляцоўка. Дарэчы, музыканты сустракаюць выбаршчыкаў на ўсіх участках Мінскай вобласці.