У сваё свята пагранічнікі на баявым пасту нязменна ахоўваюць нашу зямлю

28 мая 2015

І нават у сваё свята пагранічнікі на баявым пасту нязменна ахоўваюць нашу зямлю. Сёння Агенцтва тэленавін упершыню пакажа новы ўчастак беларуска-украінскай мяжы. Яшчэ меней як год таму тут, на ўскраінах Гомельскай вобласці, амаль нічога не было. А зараз сучасны пагранічны комплекс у дзеянні.

З паўднёвых меж рэпартаж Аляксандра Савенкі.

Вось ён - парушальнік. Хацеў праскочыць, думаў, не заўважаць. Не атрымалася. Прыкладна за трыццаць кіламетраў адгэтуль на заставе ўжо спрацавалі сейсмічныя датчыкі. Дзяжурны імгненна перадаў паведамленне патрульным. Яны ўжо побач.

Пакуль адзін з байцоў сігналізуе сляды, нарад з аўтаматамі і сабакам спыняе спробу парушальніка схавацца. І так будзе з кожным, хто сумняваецца ў сіле зялёных фуражак. Нават паводле слоў бывалых пагранічнікаў, межы сталі ўсё менш атакаваць нелегалы і парушальнікі. Проста тыя разумеюць, што падмануць сучасную тэхніку і навучаных спецыялістаў у пагонах практычна нерэальна.

Вось ён - новы твар беларуска-ўкраінскай мяжы. Літаральна год таму тут не было амаль нічога. Хіба што дрэвы і поле. Зараз жа гэта абсталяваная па ўсіх канонах памежная паласа.

Камеры, сейсмалагічны комплекс і жалезны плот. Прыкладна 40 кіламетраў асноўнай паўднёваўсходняй мяжы з Украінай зараз пад кантролем новай памежнай заставы "Краўцоўка". Дзейнічае яна са жніўня мінулага года. І ўпершыню сюды пусцілі журналістаў.

У гэтых людзей не бывае навучальнай трывогі. Штораз, учуўшы каманду "У ружжо!", пагранічнікі разумеюць: магчыма, зараз у абыход пункта пропуску кантрольную паласу спрабуе прайсці парушальнік. У зялёных берэтаў не бывае ні выхадных, ні будняў. Тут заўсёды на баявым пасту.

І ўсё ж аддаць даніну памяці і павагі ўсім пагранічнікам 28 мая - гэта традыцыя. На кожнай заставе і часці. У Мінску гэта плошча Перамогі. Кветкі да манумента тым, хто першым, не шкадуючы жыцця, адбіваў атакі праціўніка на ўсіх межах.

Ігар Буткевіч, першы намеснік старшыні ДПК Беларусі: "Пагранічнік - гэта не проста служба, гэта лёс. Пагранічнікі шмат яркіх старонак упісалі ў гісторыю нашай краіны і працягваюць гэта рабіць. Шмат гаворыцца пра подзвіг пагранічнікаў у пачатку ВАВ, асабліва знамянальна тое, што сённяшнюю, 97-ю, гадавіну адзначаюць у год 70-годдзя Вялікай Перамогі".

За 97 гадоў існавання пагранічнікам не раз прыйшлося перажыць вайну. Апошняй была інтэрнацыянальная місія ў Афганістане. Менавіта таму сёння на востраве Мужнасці і Скрухі зялёныя берэты схілялі галаву ў памяць пра загінуўшых. Нягледзячы на амаль векавы юбілей, задачы ў гэтых хлопцаў не змяніліся, іх толькі стала нашмат болей.