У сталіцы ўпершыню ладзілі фестываль забытых гульняў

7 августа 2017
Вярнуцца ў дзяцінства і згуляць у класікі, ручаёк або квадрат. У сталіцы ўпершыню ладзілі фестываль забытых гульняў. На адной пляцоўцы можна было ўспомніць забавы розных пакаленняў. І не толькі актыўныя. Удзельнікі фэсту разам складалі папяровыя самалёты, гулялі ў кропкі і марскі бой. Падарожжа ў мінулае здзейсніла і Аляксандра Кавеліч.
Гэты сталічны двор нібыта перамясціўся ў іншы час. На гульнявой пляцоўцы выключна забавы ў стылі рэтра - ручаёк, класікі, “мора хвалюецца”. І гэта не здымкі фільма пра іншую эпоху - фестываль забытых гульняў, які ўпершыню ладзілі ў Мінску. Сярод тых, хто здзейсніў падарожжа ў дзяцінства, і прызёр чэмпіянатаў Еўропы па лёгкай атлетыцы Ілона Усовіч.
Тут на кожнай пляцоўцы - гульні розных пакаленняў. Не толькі актыўныя забавы, але і за партай. Удзельнікі фестывалю маглі таксама згуляць у марскі бой, кропкі, а яшчэ стваралі папяровыя самалёты. Косця Заблоцкі спрытна складае з лісткоў сшытка разнастайныя фігуры.
У «гарачую бульбу», квадрат і іншыя забавы тут гуляюць з азартам незалежна ад ўзросту. Часам у камандах - сямейныя тандэмы. Бацькі з задавальненнем знаёмяць дзяцей з гульнямі свайго дзяцінства.
У планах арганізатараў стварыць і выставу рэтрацацак. Яе прадэманструюць на наступным фестывалі забытых гульняў.