У сталіцы расце колькасць незвычайных шлюбных цырымоній

12 июля 2014

Замест вальса Мендэльсона - рок, фолк і нават рэгі. У сталіцы расце колькасць незвычайных шлюбных цырымоній. Штотыдзень у ЗАГСах рэгіструецца амаль 200 новых маладых сем'яў. Дзясятая частка вяселляў ладзіцца не зусім традыцыйна.


Пра сучасныя вясельныя традыцыі - рэпартаж Аляксандра Хараўца. Надзея Рэуцкая рэгіструе шлюбы больш за 2 дзесяцігоддзі. Загадчыца дома шлюбаў прызнаецца: з кожным годам маладыя падыходзяць да арганізацыі свайго вяселля ўсе больш арыгінальна.


ЗАГС і марш Мендэльсона… Традыцыйны вясельны сцэнарый далёка не ўсім да спадобы. Сёння маладыя ўсё часцей рэгіструюць свой шлюб пад гукі рока, джаза, фолка і нават рэгі.


Таксама супрацоўнікі ЗАГСаў праводзяць і выязную рэгістрацыю шлюбаў. Часцей за ўсё такія вяселлі ладзяцца ў знакавых месцах сталіцы - парках, музеях і нават на дахах шматпавярховых будынкаў.


Алена і Віталь Навароўскія да шлюбу рыхтаваліся амаль паўгода. Кожны перамераў не адзін вясельны ўбор - вобраз атрымаўся адметным.


Летам звычайна ў ЗАГСах ажыятаж. Чарга не толькі на рэгістрацыю, а нават на падачу дакументаў. Сітуацыю спрашчае электронная рэгістрацыя.


Сёння для таго, каб запісацца на падачу заявы на рэгістрацыю шлюбу, не абавязкова асабіста ісці ў ЗАГС. Гэта можна зрабіць і праз Інтэрнэт. Дастаткова проста зайсці на вэб-старонку ЗАГСа, выбраць у календары дату і час прыёму, у анкеце запоўніць даныя пра жаніха і нявесту.


Усе вашы пажаданні будуць занесены ў электронную базу ЗАГСаў. А вось падаваць заяву маладым трэба асабіста. Тут жа з супрацоўнікамі можна і абмеркаваць нюансы вясельнай цырымоніі.