У сталіцы праходзіць фінал гарадскога конкурсу "Мінскі майстар"

31 мая 2016

Шматпавярховыя тарты, французскія дэсерты і пірожныя са свежымі ягадамі. У сталіцы праходзіць фінал гарадскога конкурсу «Мінскі майстар». На фінішы салодкага марафону шэсць удзельнікаў. Сёння ў сталічным кафэ прайшоў чарговы этап, дзе два спецыялісты ў розных намінацыях пазмагаліся за званне лепшага кандытара Мінска. Аляксандра Драгун не ўтрымалася і пакаштавала экспанаты.

Вольга Зубко 15 гадоў дагаджае сваёй працай ласунам. Кожны сезон шэф-кандытар вынаходзіць розныя смакавыя адценні і начынкі для дэсертаў. Апошні тыдзень яна працавала над шматпавярховым тортам. З салодкім творам мастацтва вагой сорак кілаграмаў прэтэндуе на званне лепшага кандытара Мінска.

Конкурс «Мінскі майстар» праходзіць у сталіцы штогод. Сёлета ўдзельнікі прэзентуюць свае дэсерты на рабочых месцах, таму фінал спаборніцтва падзялілі на некалькі этапаў.

Французская здоба пад назвай "брыёш", выпечка з начынкамі са свежых ягад, заварныя пірожныя з малінавым і лаймава-ванільным крэмам. Не заморскія назвы, а склад і якасць кандытарскіх далікатэсаў ацэньвае журы.

Ад трохкілаграмовага торта да птыфур - французскіх міні-дэсертаў. Хатняе заданне кандытараў павінна быць не толькі смачным, але і прыгатаваным з натуральных інгрэдыентаў. Дарэчы, нават упрыгажэнні на салодкім стале ядомыя! Пацеркі, далікатныя стужкі і кветкі вырабленыя з масцікі.

Спаборніцтва праходзіць у дзвюх намінацыях - арт-клас і кандытарскае мастацтва. Апошняе і прадугледжвае сур'ёзную хатнюю падрыхтоўку - шмат'ярусны торт, 4 розныя дэсерты, 6 відаў птыфур, булачныя вырабы. Таксама даюць удзельнікі і майстар-клас.

Напярэдадні журы ацаніла прафесійныя здольнасці кандытара на сталічным хлебазаводзе. Наперадзе прэзентацыя ядомых шэдэўраў яшчэ трох аўтараў. Пасля чаго і стане вядома, хто сёлета будзе ўдастоены звання “Лепшы кандытар сталіцы”.