У сталіцы больш за трыста стагадовых дрэў

19 апреля 2014
У сталіцы больш за трыста стагадовых дрэў, сем з якіх - батанічныя помнікі прыроды. Ліпа, якая бачыла напалеонаўскую вайну, і яблыні, якія пасадзіў сам Якуб Колас. Марына Мураўёвапрагулялася па скверах сталіцы разам з гарадскім ляснічым, які ратуе жывую гісторыю Мінска.

Ляснічы па адукацыі і па прызванні. Ігар Корзун ведае кожнае стагадовае дрэва ў сталіцы. Агляд і перапіс старажылаў рабіў асабіста. Напрыклад, вось гэтую стагадовую таполю па мянушцы Мамант у парку Горкага зусім нядаўна хацелі ссекчы. Аднак гарадскі ляснічы заступіўся. Знайшоў добраахвотнікаў. У выніку дрэва рэанімавалі і захавалі.


Ігар Корзун, гарадскі ляснічы (валанцёр): Гэта адно з дрэў, на якіх зімой гараджане, не абыякавыя да свайго горада, выявілі жоўтыя крыжы і былі занепакоеныя гэтым. У лютым на грамадскім сходзе ў парку Горкага з адміністрацыяй пасля таго як дрэвы былі абследаваныя спецыялістамі, было прынята рашэнне гэтае дрэва захаваць.


Але мала хто ведае, што гэтая таполя - самае вялікае дрэва сталіцы. Шырыня ствала - 4 метры 55 сантыметраў. Абхапіць яго цяжка нават тром дарослым людзям. А крона складае 700 квадратных метраў. Сваю зялёную экскурсію па сталіцы Ігар Корзун можа праводзіць цэлы дзень. Не абмінае ўвагай ляснічы і дрэвы ў музеі Якуба Коласа.


Унікальная магчымасць убачыць коласаўскія яблыні ёсць у наведвальнікаў музея песняра. Больш за паўстагоддзя таму рукою Коласа была пасаджана вось гэтая яблыня. І да гэтых дзён увосень можна пакаштаваць яблыкі шафран-кітайкі з яе галін.
Тут кожнае дрэва пасаджана паэтам як сімвал. Гэтыя тры дубы, напрыклад, растуць у памяць пра трох сыноў - Данілу, Міхася і Юрку.
Марыя Міцкевіч, унучка Якуба Коласа: Мы, як і ўсе дзеці, вельмі любілі ўзбірацца на дрэвы, а таксама на іх туды-сюды скакаць. Таму гэтыя дубы заўсёды як бы дапамагалі нам мець нейкую спартыўную форму.


Палюбавацца на самыя старыя дрэвы горада можна ў Аляксандраўскім скверы і парку Горкага. У хуткім часе іх пад сваю апеку возьмуць раённыя ЖРЭА і арганізацыі Зелянбуда. Менавіта яны будуць ахоўваць старажылаў не толькі ад згубнага ўздзеяння наваколля, але і ад ахвотнікаў ператварыць зялёнае багацце ў сухія векавыя пні.