У Спаса-Праабражэнскай царкве археолагі і рэстаўратары завяршылі сезон працы

21 октября 2015

У Полацку ў адным з найстаражытнейшых помнікаў сакральнай архітэктуры - Спаса-Праабражэнскай царкве - археолагі з рэстаўратарамі з Беларусі і Расіі завяршылі сезон працы. Вывучэнне святыні працягнецца вясной. Наогул жа, гэты год у Полацку для навукоўцаў стаў сапраўды сенсацыйным. Знойдзеная ў маі пячаць Прападобнай - толькі адна з каштоўных знаходак.

Якія таямніцы захоўвае ў сабе старажытны помнік - ведае Алена Борматава. Даследаваць і вывучаць Спаскую царкву Полацка вучоныя сталі яшчэ ў 19-м стагоддзі. Аднак ушчыльную займацца храмам, узведзеным самой Еўфрасінняй, сталі амаль 40 гадоў таму. У 1976-м сюды ўпершыню прыехала група ленінградскіх археолагаў - прадстаўнікі адной з самых аўтарытэтных школ па вывучэнні старажытнага дойлідства.

Сёлета на старажытным аб’екце разам працавалі даследчыкі з Беларусі і Санкт-Пецярбурга. На мэце археолагаў стаяла даследаванне аб’екта, які, як думалі, дастаткова ім вядомы. Аднак першыя раскопкі адкрылі адразу некалькі сенсацый.

Храм Еўфрасінні выглядаў зусім інакш. І гэта яшчэ адна сенсацыя ў навуковых колах Еўропы. Апроч галерэй, знойдзены крыпты, іншай была і верхняя канструкцыя.

Падчас даследавання фундамента выявілі апаленую кафлю памерам 10 на 10 сантыметраў. І слой вуглёў, перамяшаных з зямлёй. Плітачныя падлогі ў 11 стагоддзі маглі быць толькі ў рэлігійных будынках.

Аб тым, што Спаская царква перабудоўвалася, было вядома і раней. Ведалі і тое, што падлога на другім узроўні была значна вышэйшая за першапачатковы план храма. Але вось калі праходзілі перабудовы – заставалася загадкай. Магчыма, адказ на гэтае пытанне навукоўцам дапамогуць знайсці надпісы, якія адкрылі рэстаўратары на знойдзеным уваходзе ў галерэю.

Яшчэ адно археалагічнае адкрыццё сезона. Акно ў келлі Еўфрасінні, як аказалася, зусім не акно – гэта і ёсць уваход на галерэю. Версію пацвярджаюць надпісы – графіці. Па іх датаванні і робяць выснову пра магчымы перыяд перабудовы храма.

Расшыфроўка графіці на сценах храма – а іх каля чатырох тысяч па ўсім інтэр’еры - дапамаглі ўстанавіць і першапачатковую назву царквы. Яна заўсёды была Спаскай. У гонар Праабражэння была асвечаная толькі ў 1656-м. І хоць рэстаўрацыйна-археалагічныя работы спынілі да вясны, зімой спецыялісты будуць праводзіць маніторынг сцен, падлогі і фундаментаў храма. Спецыяльныя датчыкі будуць фіксаваць найменшыя змяненні ў паводзінах каменных сцен.