"У школу з добрым сэрцам"

25 августа 2016

Сёння рэспубліканская акцыя аб'яднала дабрачыннай справай жыхароў Барысава і Жодзіна. Валанцёры БРСМ прапануюць дапамагчы малазабяспечаным і шматдзетным сем'ям сабраць вучняў да 1 верасня. На пляцоўках ля гандлёвых цэнтраў актыўная моладзь будзе збіраць школьныя прылады, спартыўныя і канцылярскія тавары. Пасля рэчы перададуць сем'ям, якія ўзялі пад апеку дабрыні. Дарэчы, на гэтым тыдні ў цэнтральным рэгіёне завяршаецца сезон маштабнага гандлю на свежым паветры. 27 жніўня заключныя школьныя кірмашы пройдуць у Барысаве, Вілейцы і Жодзіне. Аб разнастайнасці тавараў матэрыял Аляксандры Драгун.

Замшавыя або лакавыя, з дэкаратыўным металічным ўпрыгажэннем або тэкстыльным аздабленнем, на шнурках або на замках. У гандлёвым цэнтры, што ў Жодзіне, вучні без цяжкасці падбяруць сваю «пару». На паліцах амаль 250 мадэляў туфляў і чаравікаў.

Для зручнасці пакупнікоў побач з аддзелам абутку секцыя адзення. Сёлета тут сярод школьных убораў, бялюткіх блузак і рознакаляровых кашуль размясцілі паліцы з канцылярскімі прыладамі і партфелямі.

На выбар хлопчыкаў больш за 30 мадэляў штаноў і 16 фасонаў касцюмаў як штодзённых, так і ўрачыстых. Гэта і класічныя пінжакі ў стылі кэжуал, джэмперы і камізэлькі з камбінаваных тканін.

Сарафаны ў клетку з поясам, сукенкі з каўнерыкамі розных фасонаў, штаны з падоўжанай камізэлькай. На выбар дзяўчынак адных блузак паўсотні мадэляў.

Сёння Барысаў і Жодзіна далучыліся да рэспубліканскай акцыі «У школу з добрым сэрцам». Валанцёрскія атрады БРСМ збіраюць школьныя прылады і адзенне ля гандлёвых цэнтраў. Пасля рэчы перададуць шматдзетным і малазабяспечаным сем'ям.

У Мінскай вобласці 1 400 гандлёвых цэнтраў і магазінаў, дзе можна сабраць дзяцей да навучальнага года. Акрамя гэтага, ладзяць і кірмашы пад адкрытым небам, дзе прапануюць пашыраны продаж канцылярскіх тавараў, школьнага абутку і адзення. А для самых патрабавальных пакупнікоў дэманструюць новыя мадэлі ўбораў для вучняў.

На гэтым тыдні ў цэнтральным рэгіёне апошні акорд сезона маштабнага гандлю на свежым паветры. 27 жніўня заключныя школьныя кірмашы пройдуць у Барысаве, Вілейцы і Жодзіне.