У роднай школе Канстанціна Давідоўскага адкрылі мемарыяльную дошку

12 апреля 2017

56 гадоў таму Юрый Гагарын сказаў сваё знакамітае “Паехалі!” і пераадолеў зямную гравітацыю. Адпраўлялі першага чалавека ў космас і прымалі ўдзел у яго асваенні таксама і беларусы. Расказвае Наталля Кузьміцкая.

Як і гэтая дзятва, Косця Давідоўскі, які вучыўся ў гэтай школе 68 гадоў таму, напэўна, таксама марыў пра звыклыя, зямныя рэчы. Аднак ураджэнцу вёскі Узбудышча, што ў Слуцкім раёне, наканавана было стаць адным з першых… на Месяцы. У 1970 годзе ў складзе экіпажа «Месяцаход-1» ён кіраваў першым у свеце планетаходам с калязямной арбіты.

Парадокс, але імя Давідоўскага ўвекавечана было раней у космасе. У 2015 годзе ў гонар знакамітага штурмана месяцахода быў названы адзін з кратараў спадарожніка нашай планеты. А сёння і на зямлі ў роднай школе яму адкрылі мемарыяльную дошку.

Імёны штурмана месяцахода Канстанціна Давідоўскага, канструктара Сямёна Косберга, першага кіраўніка касмадрома Байканур генерала Канстанціна Герчыка і іншых ураджэнцаў Слуцка, якія літаральна былі першаадкрывальнікамі вялікай дарогі ў космас, доўгі час ва ўмовах «касмічнай гонкі» былі пад грыфам «Сакрэтна». Сёння сітуацыя змянілася і які год запар 12 красавіка, у Сусветны дзень касманаўтыкі і авіяцыі знакамітых землякоў ушаноўваюць асаблівым чынам.

Усяго ж родам са Слуцкага краю каля трыццаці чалавек, якія звязалі свой лёс з асваеннем касмічнай прасторы і ўнеслі ўклад у пакарэнне зорак. Адзін з іх Сяргей Ганчарык на Байкануры пражыў цэлае жыццё. І сёння сваімі ведамі і цікавымі гісторыямі дзеліцца з маладымі людзьмі.

Інтэрактыўнае знаёмства з касмічнай гісторыяй Слуцка адбываецца падчас экскурсіі па выставе «У зорныя далі». За вітрынамі - медалі і значкі, якія пабывалі ў космасе, фотаздымкі Зямлі і нават сталіцы з арбіты і не толькі, а таксама тое, чым звычайна харчуюцца касманаўты. Прыватныя калекцыі жыхароў Слуцка налічваюць тысячы экспанатаў, на якіх нават не хапае экспазіцыйных плошчаў. Таму зараз абмяркоўваецца пытанне стварэння музейнага комплексу - у касмічнай сталіцы Беларусі.