Жыхары Пухавіцкага раёна засталіся без сувязі паміж населенымі пунктамі

24 февраля 2015

Драўляная пераправа цераз раку Ясельда струхлела і стала небяспечнай для пераходу. Мясцовыя жыхары не раз звярталіся з просьбамі адрамантаваць мост. Аднак у выканаўчым камітэце сцвярджаюць: тэрмін службы  яшчэ не выйшаў. Аляксандр Харавец разбіраўся ў тэме.

 

У такую сітуацыю, як у Соф’і Фёдараўны, трапляў, бадай, кожны жыхар вёсак Турын і Светлы Бор. Мост звязвае населеныя пункты. Аднак зараз па ім не тое што праехаць, прайсці можна з цяжкасцю.

Драўляны мост цераз Ясельду пабудавалі ўсяго шэсць гадоў таму. За такі кароткі прамежак часу ён не тое што пахіліўся, літаральна згніў. Між тым на паперы тэрмін службы пераправы 30 гадоў.  

Штодня па гэтым мосце з рызыкай для жыцця ходзяць дзясяткі чалавек. Зараз будаўнікі старыя дзіркі закрываюць новымі дошкамі. Аднак гарантый таго, што старыя слупы пратрымаюцца хаця б да наступнай зімы, ніхто даць не можа.

Паводле слоў мясцовых жыхароў, яны не раз звярталіся ў сельскі выканкам з просьбамі адрамантаваць мост. Аднак прадстаўнікі мясцовай улады сцвярджаюць, што ніводнай пісьмовай заявы не атрымлівалі. Ды і ў тым, што мост у такім стане, абвінавачваюць саміх жыхароў.

А пакуль мясцовыя жыхары так і будуць перапраўляцца цераз раку па новых дошках, аднак са старымі слупамі.