У праваслаўных храмах праходзяць святочныя літургіі і асвячэнне вады

19 января 2016

Праваслаўныя сёння адзначаюць адно з вялікіх святаў у царкоўным календары - Вадохрышча. У гэты дзень вернікі ўспамінаюць хрышчэнне Хрыста ў рацэ Іардан, з якога пачалося яго служэнне чалавецтву. Сёння ноччу ў праваслаўных храмах і прыходах прайшлі богаслужэнні з удзелак больш як 110-ці тысяч чалавек. Святочныя літургіі і асвячэнне вады праходзяць і сёння. Са Свята-Духава кафедральнага сабору на сувязі са студыяй наш карэспандэнт Наталля Бардзілоўская.

Сёння кожны, хто лічыць сябе праваслаўным ці робіць хоць нейкія крокі да веры, стараецца прыйсці ў царкву, прыняць удзел у службе, а галоўнае - узяць вадохрышчанскай вады. Яна такая ж святыня, як Крыж ці велікодная соль. Набытая ў дзень Богаяўлення (так яшчэ называецца сённяшняе свята), яна павінна быць у доме кожнага праваслаўнага чалавека. Узятая менавіта сёння вада захоўваецца ўвесь год і мае вялізарную моц. Браць такую ваду з крыніц ці купацца ў ёй на Вадохрышча можна пасля вялікага царкоўнага чына Вадасвяцця - калі пастыры праз спецыяльную кананічную службу асвячаюць ваду. З поўначы, потым раніцай (некалькі разоў за суткі) у беларускіх храмах праходзяць літургіі з чынам вялікага вадаасвячэння. Толькі што служба з асвячэннем вады завяршылася і ў галоўным праваслаўным храме краіны - Свята-Духавым кафедральным саборы Мінска. Святочную літургію тут правёў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел.

Традыцыя асвячэння вады ідзе ад IV-V стагоддзяў. З тых часоў да сённяшняга дня свята - гэта ўспамін пра іарданскую падзею, калі Ісус Хрыстос прыняў хрышчэнне ад Іаана Хрысціцеля. Згодна з канонам вадохрышчанскай літургіі, галоўны святар выходзіць з Царскіх варотаў да поўных вады сасудаў з крыжам, чытае малітвы, каб Святая Тройца даслала на ваду благаславенне іарданава і дар вылячэння хвароб душэўных і фізічных, спагнання ворагаў бачных і нябачных, на асвячэнне дамоў і іншую карысць. На літургіі ўзгадваюцца евангелічныя і апостальскія прароцтвы, што тычацца хрышчэння Ісуса Хрыста. Пасля закліку благаславення Божага на воды Жыватворны Крыж Гасподні тройчы акунаюць у купель. З гэтага часу вада напоўненая святасцю, яе можна выкарыстоўваць чалавеку. Зрэшты, асвячэнне вады на Вадохрышча адбываецца як у храме, на прыхрамавых крыніцах так і на прыродных вадаёмах.

Ля Свята-Духава кафедральнага сабора з раніцы чарга. Гэтай традыцыі столькі гадоў, колькі самому сабору. І так амаль па усёй Беларусі. Нягледзячы на працоўны дзень і класічныя для гэтага свята маразы, людзі знаходзяць час і вытрымку, каб назапасіцца жыватворнай вадой. Бяруць, каб акрапляць дамы, піць пры нездароўі і мыцца. У вадохрышчанскай вадзе добра купаць немаўля. Многія наліваюць па некалькі сасудаў - для сябе і родных, суседзяў, якія не здолеюць прыйсці сёння да крыніц. І ў гэтым таксама асаблівы хрысціянскі сэнс - дзяліцца дабром з блізкім!

Нагадаем, што адначасова з Вадохрышчам гэтае свята завецца Богаяўленнем, бо менавіта праз таямніцу Хрыстовага хрышчэння адбылося сведчанне таго, што ў іарданскія воды увайшоу не чалавек, а Месія. Адбылося спалучэнне Божага з матэрыяльным. А яшчэ Вадохрышча называюць другой Тройцай: Бог-Айцец, які даў голас з нябёсаў; Сын, які прыняў хрышчэнне, і Святы Дух у вобразе голуба схіліўся на Ісусавы плечы.

Набраць святой вадохрышчанскай вады можна будзе да канца дня. Зрэшты, для тых, хто не трапіць сёння да "прыхрамавага водазабеспячэння", ёсць добрая навіна. Яна ад старажытнага веравання ў тое, што любая вада з любой крыніцы (нават з дамашняга крана) менавіта сёння валодае асаблівымі гаючымі якасцямі, бо Хрыстос асвяціў любыя воды! А захоўваць святыню ў доме трэба ў закрытым выглядзе каля ікон.