У падмаскоўным Алабіне сёння завяршыліся Армейскія гульні - 2018

11 августа 2018

Два тыдні 5 тысяч вайскоўцаў з 32 дзяржаў змагаліся ў дакладнасці, хуткасці і цягавітасці на 24 палігонах 7 краін. Гэта Арменія, Азербайджан, Беларусь, Іран, Кітай, Казахстан, Расія. Наша краіна прымала конкурс "Снайперскі рубеж", дзе беларусы заваявалі золата. Адно з самых яркіх і маляўнічых спаборніцтваў "Танкавы біятлон" праходзіла на расійскім палігоне Алабіна. Сёння там адбыўся найскладанейшы па напале эмоцый фінал. За прызавыя месцы змагаліся каманды 4 краін. Гэта Беларусь, Расія, Казахстан і Кітай. З якім часам нашы танкісты прайшлі танкавую эстафету і колькі медалёў заваявала каманда Беларусі на Армейскіх гульнях - 2018, даведаемся у Дар'і Белавусавай-Пятроўскай.

На трыбунах ваеннага палігона Алабіна няма свабодных месцаў. Бо "Танкавы біятлон" - адзін з самых яркіх і відовішчных конкурсаў на Армейскіх гульнях. З 22 краін у фінале толькі 4. Гэта наймацнейшыя каманды свету: Беларусь, Расія, Казахстан і Кітай.

Барацьба за выхад у фінал у беларусаў прайшла ў напружанай барацьбе. Пасля пераадолення воднай перашкоды ў першага экіпажа праблемы з сувяззю: патрэбная тэрміновая замена танка. З-за гэтага каманда губляе 8 хвілін часу і адстае ад сапернікаў амаль на 2 кругі. Але прафесіяналізм і воля да перамогі здзейснілі неверагоднае. З хуткасцю 1 хвіліна 44 секунды і 17 дакладнымі трапленнямі каманда Беларусі з трэцім вынікам, апярэдзіўшы сапернікаў з Кітая, выходзіць у фінал.

Па жэрабі, сёння наша каманда выступае на жоўтым танку. Гэта баявая машына Т-72 Б3. Кожны год беларусы прыязджаюць на ўласнай мадэрнізаванай тэхніцы. На танках усталяваны звышдакладны прыцэл "Сасна-У" і рухавік магутнасцю 1130 конскіх сіл.

Эстафета - адзін з самых складаных этапаў "Танкавага біятлона". Ад краіны па 3 экіпажы. Задача кожнага, пераадольваючы водныя перашкоды, стромкія ўздымы і рэзкія спускі, прайсці 16-кіламетровую трасу і паразіць 24 мішэні. За кожны промах, непрадбачаны прыпынак або парушэнне правіл - штрафныя ачкі, а гэта дадатковыя кругі і страта часу. Таму тут важныя хуткасць, трапнасць і зладжанасць дзеянняў каманды.

Па напале эмоцый фінал "Танкавага біятлона" атрымаўся феерычным. Каманда Беларусі адразу ўзяла высокі тэмп. Шалёная хуткасць, дакладныя трапленні - да трэцяга этапу мы былі на другім месцы ў гонцы, саступаючы толькі Расіі. Але з-за замены танка трэці экіпаж губляе час, і Беларусь на ганаровым трэцім месцы "Танкавага біятлона".

Сёлета Армейскія гульні праходзілі на палігонах 7 краін. Удзельнікамі сталі 5 тысяч вайскоўцаў з 32 дзяржаў. Беларусы спаборнічалі ў 16 з 28 дысцыплін.

Наша каманда заваявала 10 медалёў: адзін залаты, 4 срэбныя і 4 бронзавыя.