У Пінскім раёне сёння ўшанавалі памяць герояў Першай сусветнай вайны

28 апреля 2014
На палях бітваў гінулі і салдаты, і мірныя жыхары. І тыя, хто здзяйсняў подзвіг у імя жыцця. А гэта сёстры міласэрнасці. Сёння на месцах бітваў адкрывалі памятную дошку і помнік Рыме Івановай. Падчас вайны яна выратавала жыцці не менш як 600 чалавек. І за такі подзвіг была ўдастоеная пасмяротна ордэнам Святога Георгія. Наталля Кузьміцкая працягне.

Вёска Іванісаўка знаходзіцца амаль у 30 км ад Пінска, менавіта тут 100 гадоў таму праходзілі лютыя баі за беларускія землі. Аб месцах пахавання салдат доўгі час нагадваў толькі стары драўляны крыж.

У гісторыі Першай сусветнай вайны шмат невядомых старонак. Шмат невядомых імёнаў не толькі салдат, але і тых, хто штодня здзяйсняў подзвіг.

Дзесьці тут перавязвала параненых салдат сястра міласэрнасці Рыма Іванова. Падчас Першай сусветнай яна выратавала больш як 600 чалавек. Калі загінуў увесь камандуючы састаў, адважная дзяўчына ўзначаліла наступальную аперацыю. За ахвярнасць і гатоўнасць прыйсці на дапамогу салдаты назвалі яе святой Рымай.

Рыма Іванова загінула ў гэтым баі, пасмяротна яе ўдастоілі ўзнагароды Святога Георгія 4 ступені. Яна стала адзінай у Расіі жанчынай у спісе ўладальнікаў гэтай узнагароды. Зараз прыйшла чарга яшчэ аднаго знака - знака памяці. Яго адкрылі сёння ў царкве вёскі Дабраслаўка.

Гісторыяй гераічнай сястры міласэрнасці са Стаўрапаля зацікавіліся і студэнты. Па ініцыятыве БРСМ сабралі грошы на помнік Рыме Івановай. Яго ўсталявалі на тым месцы, дзе яна здзейсніла свой апошні подзвіг.