Парламентарыі разгледзяць не менш за чатыры дзясяткі праектаў законаў

2 апреля 2020
Сёння адкрываецца вясновая сесія беларускага парламента. У парламенцкім партфелі не менш за чатыры дзясяткі праектаў законаў. Многія з іх гатовы да разгляду. Пасля вердыкту Палаты прадстаўнікоў дакументы праходзяць экспертызу Савета Рэспублікі. Якія з іх разгледзяць ужо ў першы дзень пасяджэнняў,  даведаемся ў нашага карэспандэнта Святланы Лук’янюк

Пакуль яшчэ Авальная зала пустая. Але менш чым праз гадзіну - а 10-й - адкрыецца вясновая сесія Палаты прадстаўнікоў. Прадоўжыцца яна тры месяцы, да канца чэрвеня. Папярэдняя - восеньская - была для дэпутатаў сёмага склікання нядоўгай. Выбары прайшлі ў лістападзе. А на першае пасяджэнне сабраліся 6 снежня. Па сутнасці ў рэжыме сесіі працавалі менш чым два тыдні. І гэты час у асноўным быў прысвечаны арганізацыйным пытанням - выбіралі спікера, яго намесніка, старшынь камісій, пасля вызначаліся, хто ў якой будзе працаваць. Сёлета актыўна ўключыліся ўжо ў падрыхтоўку законапраектаў. У выніку ў парламенцкім партфелі іх не менш за  чатыры дзясяткі. 

Цэнтральнай падзеяй стане Пасланне Прэзідэнта, традыцыйна яно гучыць у гэтай зале менавіта ў красавіку. Дакумент праграмны для ўсіх галін улады і кожнага жыхара Беларусі, гэта арыенцір для ўсіх сфер. Зараз якраз у краіне распрацоўваюцца праграмныя дакументы: сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2025  года і бюджэт на 2021 год. Так што многае з агучанага ў Пасланні будзе ўлічвацца і ў гэтых праектах. Дэпутаты працуюць у цеснай звязцы  з калегамі з Савета Рэспублікі. 

Сёння сенатары таксама адкрыюць сесію а 15-й гадзіне. Акрамя выступленняў спікераў і ўрачыстага адкрыцця, пачнецца адразу і рабочы працэс. Тут, у Палаце прадстаўнікоў,  галасаваць сярод іншага будуць і за  дакумент, які найбольш абмяркоўваецца, - пагадненне паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам аб спрашчэнні выдачы віз. Сутнасць -  кошт “шэнгену” для беларусаў павінен стаць 35 еўра. Таксама на парадку дня  сённяшняга пасяджэння і іншыя міжнародныя ратыфікацыі - з Малдовай аб сацыяльным забеспячэнні, дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе ў частцы фарміравання агульнага электраэнергетычнага рынку.