У Ашмянах часова спынілі вытворчасць хлеба

29 января 2014
Прычынай такога катэгарычнага рашэння стала, мякка кажучы, нячыстая сіла ў цэхах мясцовага хлебазавода. Там, дзе замешваюць цеста, жывуць птушкі, а са сродкаў барацьбы з мухамі - толькі клейкая стужка. Увогуле, зразумела, што можа трапіць у хлеб.

Чаму мадэрнізацыя ў Ашмянах засталася толькі незразумелым тэрмінам, разбіраўся Дзмітрый Смірноў.

Зварачны апарат - сведчанне мадэрнізацыі, якая зацягнулася, стаіць ўсяго за тры крокі ад месца, дзе выпякаюць хлеб. Але нават той факт, што весці рамонт у такой блізкасці ад вытворчасці - парушэнне ўсіх санітарных норм, не прыцягвае правяраючых. І не таму, што не бачаць. Акрамя гэтага тут ёсць на што звярнуць увагу.

Аднак патрэсканай пліткай і прагарэўшымі формамі для выпечкі сітуацыя ў гэтым цэху не абмяжоўваецца.

Звычайны дзень на хлебазаводзе ў Ашмянах. Пакуль працаўнікі старанна выпякаюць хлеб і булачкі - ім увесь час прыходзіцца адмахвацца ад дакучлівых мух і вераб'ёў.
Апошнім тут хіба што не дастае гнёздаў.


Па словах начальніка аддзела прамысловасці мясцовага філіяла спажыўтаварыства, на замену і ўцяпленне дахаў летась яны выдаткавалі 200 мільёнаў рублёў. Усяго ж за 2013 год на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ў Ашмянах накіравалі больш за 7 мільярдаў рублёў. З іх на мадэрнізацыю гэтага хлебазавода - каля 500 мільёнаў. У тым жа, што на хлеб у прамым сэнсе слова садзяцца мухі, аказваецца, вінаваты чалавечы фактар.

Ашмяны, як заяўляюць кантралёры, не адзіная вытворчасць, дзе эксперты знайшлі небяспеку для здароўя людзей. Канвеер спынілі ў Мастах і Карэлічах.

Гэта апошняя партыя хлеба, якую спешна дапякаюць працаўнікі. Паводле загаду абласной санэпідстанцыі, пакуль санітарныя нормы тут не прывядуць у парадак, з печы не павінна выйсці больш ні адна баханка. Да гэтага часу хлеб у Ашмяны будуць завозіць з суседніх раёнаў.