У Нацыянальным архіве Беларусі стартаваў праект пад назвай "Чарнобыль: ад аварыі да адраджэння"

26 апреля 2021

Нагадаць пра ўрок тэхнагеннай трагедыі. У Нацыянальным архіве Беларусі стартаваў праект пад назвай "Чарнобыль: ад аварыі да адраджэння".

Выстава рэальных дакументаў і артэфактаў адказвае на пытанне, як гэта было. Наталля Бардзілоўская раскажа падрабязна.

Нацыянальны архіў Беларусі зняў грыфы "сакрэтна” са сваіх дакументаў і далучыў да іх раней не апублікаваныя чанобыльскія першакрыніцы ад расійскіх архіварыусаў. Паперы з папак савецкага ўрада, ЦК Кампартыі, Міністэрства аховы здароўя і Дзяржкамчарнобыля 80-90-х, лісты міжнародных арганізацый і замежных кіраўнікоў па факце трагедыі, фота і артэфакты з пацярпелых тэрыторый таго трывожнага часу. Міжнародны выставачны праект можна назваць зборам інфармацыйных сенсацый і эмацыянальных узрушэнняў.
На стэндах і за шклом гэтых вітрын новая старонка чарнобыльскай гісторыі.

Дакументальны збор дакладных запісак, загадаў, лістоў асоб і арганізацый, адказных за вырашэнне аварыйнай сітуацыі. Раней закрытыя ад навуковага карыстання дакументы па перасяленні людзей з забруджаных тэрыторый.

Пласт сведчанняў з-за мяжы - спраўляцца з трагедыяй нам дапамагала сусветная супольнасць. Адной з першых на бяду адгукнулася Японія, якая мела сумны вопыт сутыкнення з атамам. Па праграме "Карані травы" японцы рэалізавалі 50 праектаў, якія падтрымалі постчарнобыльскую Беларусь. 

Разгубленыя твары перасяленцаў, што вымушаны былі пакідаць родны кут. Першыя дазіметры. І медаль, створаны ў 1988 для ўзнагароджання ліквідатараў. У прадметным радзе напамінаў побач з хранікальнымі фотаздымкамі Сяргея Плыткевіча сённяшні, сучасны мастацкі погляд на зону адчужэння. Аляксандр Аляксандраў спецыяльна да 35-годдзя чарнобыльскай аварыі напісаў гэты пейзаж. Жывапісец ужо дамовіўся аб працягу тэмы - супрацоўніцтве з Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведнікам. Ёсць памкненне адлюстраваць найбольш пацярпелыя ад выкідаў АЭС раёны. А гэта 217 гектараў, выключаных з жыццёвага і гаспадарчага абароту. Час і мы ўбачым палотны з партрэтамі тых людзей, якія на запаведных тэрыторыях вядуць навуковую працу і прадухіляюць вынас і пераразмеркаванне радыенуклідаў на сумежныя тэрыторыі.

Што зроблена і што будзем рабіць па адраджэнні забруджаных зямель і папярэджванні такіх катастроф. Тэма яшчэ не адной навуковай сустрэчы і не адзінага праекта. Пытанне доўгатэрміновае. Сама прырода і экасістэма будуць жыць у чаканні распаду радыенуклідаў нават не сотні, тысячы гадоў.