У Маскве ў рамках XLI Міжнароднага кінафестывалю адбыўся паказ мод "Рускі сілуэт"

23 апреля 2019

Ён збірае як дэбютантаў, так і прафесіяналаў у сферы дызайнерскага майстэрства. І кожны год сярод запрошаных - беларускія мадэльеры. Хто прадставіў нашу краіну гэтым разам? На модным паказе пабывала Дар'я Белавусава-Пятроўская.

У свае 81 ён застаецца заканадаўцам стылю. У гэты вечар Вячаслаў Зайцаў выбірае пунсовы. Вядомы мадэльер ведае, як не згубіцца ў натоўпе. Гаспадыня свята Таццяна Міхалкова разам з дачкамі асабіста сустракае кожнага госця. Калісьці яна сама выступала на маскоўскіх подыумах, сёння адкрывае новыя імёны ў модзе.

"Рускі сілуэт" - гэта модная ўспышка Маскоўскага кінафестывалю. Ужо больш  за 20 гадоў ён праходзіць у дні міжнароднага кінафоруму і заўсёды - у галерэі Зураба Цэрэтэлі. На подыуме не толькі прафесійныя мадэлі, але і прафесійныя актрысы. А ідэі некаторых дызайнерскіх калекцый рэжысёры потым пераносяць на экран.

Па традыцыі адкрываюць паказ маладыя дызайнеры. Пяць розных школ, розных стыляў і розных гарадоў. І кожны год сярод удзельнікаў беларускія мадэльеры. Гэтым разам пераможніца нацыянальнага конкурсу "Млын моды" Святлана Князева з нацыянальнай калекцыяй "Дзявоя".

Таццяна Міхалкова, прэзідэнт дабрачыннага фонду "Рускі сілуэт": "Журы вельмі паважліва ставіцца да тых, хто не капіруе заходнія дамы, хто не прапагандуе унісекс, а да тых, хто распрацоўвае свае нацыянальныя рысы. І гэта прасочваецца ў калекцыі Святланы Князевай".

У сваёй калекцыі яна зрабіла акцэнт на беларускія традыцыі. Славянская міфалогія ўплятаецца ў арнаменты дзявочых убораў. Дрэва жыцця, кола для калядавання. Чырвонае сонейка як сімвал ураджаю. Матэрыялы выключна натуральныя: воўна, лямец і лён.

Ігар Іваноў, арганізатар Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу "Млын моды": "Калекцыя завецца "Дзявоя", гэта як абярэг для незамужніх дзяўчат. Паводле беларускіх міфаў, выкарыстоўвала традыцыйныя беларускія колеры. Тут прысутнічае і выцінанка, калядныя сімвалы, напэўна, мы па гэтай калекцыі пазнаем нашу родную Беларусь".

І сапраўднай адметнасцю паказу стаў выхад на подыум вядомых кінаактрыс, тэлевядучых і спявачак са сваімі дзецьмі. Вобразы для юных мадэляў стварыла дачка вядомага расійскага мадэльера Галіна Юдашкіна.