У Маскве развіталіся з апошнім абаронцам Брэсцкай крэпасці Пятром Кацельнікавым

23 апреля 2021

Рота ганаровай варты, залп гармат, вянок ад пасольства Беларусі ў Маскве і мора кветак. У расійскай сталіцы з ваеннымі ўшанаваннямі развіталіся з апошнім абаронцам Брэсцкай крэпасці Пятром Кацельнікавым. Ён нарадзіўся ў 1929 годзе. Калі пачалася вайна, быў 12-гадовым выхаванцам музыканцкага ўзвода 44-га стралковага палка, які як раз знаходзіўся ў цытадэлі. Таму першы дзень вайны заўсёды апісваў з дасканалай дакладнасцю, у дэталях. Пасля Вялікай Айчыннай вайны выбраў кар'еру вайскоўца, больш як 20 гадоў служыў у Брэсце. Нягледзячы на тое, што апошнія гады ветэран жыў у Маскве, кожны год 22 чэрвеня прыязджаў у Брэсцкую крэпасць, каб ушанаваць памяць усіх тых, хто аддаў свае жыцці ў першыя дні вайны. Пяць гадоў супрацоўнічаў з МНС Расіі і іх мотаклубам "Палымяныя сэрцы", быў іх гераічным сімвалам, гэтым летам планаваў разам з імі прыехаць у Брэст, але не паспеў.

У памяць пра Пятра Кацельнікава вайскоўцы мотаклуба "Палымяныя сэрцы" прыедуць 22 чэрвеня ў Брэст і перададуць яго відэапасланне нашчадкам, якое ветэран паспеў запісаць літаральна за некалькі дзён да смерці.