У Маскоўскім раёне Мінска акцыя ДАІ "Лета - актыўная пара!" сабрала тры сотні ўдзельнікаў

24 августа 2021

Да пачатку навучальнага года ў школах, каледжах і ВНУ застаецца тыдзень. Новыя веды па самых розных дысцыплінах школьнікі і студэнты набудуць на занятках. А пра бяспеку на дарогах важна нагадаць напрыканцы канікул.

Акцыя ДАІ "Лета - актыўная пара!" праводзіцца пяты год для юных удзельнікаў дарожнага руху, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Для іх ладзяцца экскурсіі, конкурсы і кінасеансы. У Маскоўскім раёне сталіцы акцыя сабрала амаль тры сотні ўдзельнікаў. Іспыты ў форме гульні і квэстаў паспрабавала здаць і Таццяна Бажко.

У раённым цэнтры бяспекі Маскоўскага раёна Мінска ажыятаж. Конкурс на веданне правілаў дарожнага руху толькі пачаўся з тэорыі. Тэсты з яркімі ілюстрацыямі – простае выпрабаванне толькі для самых уседлівых і ўважлівых. Бавіць час карысна і цікава тут прапаноўваюць дзецям, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Шасцікласнікі 12-й сталічнай гімназіі Кірыл і Арман канікулы правялі дынамічна - на веласіпедах і электрасамакатах. Не забывалі і пра бяспеку падчас дарожнага руху. Свае веды з цікавасцю дэманструюць падчас тэсціравання.

Калі ўсе атрымалі адзнакі, наперадзе наступнае выпрабаванне. На гэты раз практычнае. У аўтагарадку дзеці вучыліся правільна аказваць першую дапамогу, разумець знакі рэгуліроўшчыкаў, а яшчэ правільна ездзіць на папулярных сярод моладзі транспартых сродках - матацыклах, электрасамакатах і манаколах.

Побач цудоўная магчымасць пабыць не толькі пешаходам і рэгуліроўшчыкам, але і ахоўнікам парадку на дарогах. Для гэтага даступны аўтапарк ДАІ.

Адзінаццацікласнік 26-й сярэдняй школы Ягор Красотаў мэтанакіравана ідзе да сваёй мары навучыцца катацца на матацыкле. Вадзіцельскія правы жадае атрымаць як мага хутчэй.

Акцыя ДАІ "Лета - актыўная пара!" прадоўжыцца да канца жніўня. А гэта значыць, што наперадзе шмат новых пазнавальных конкурсаў і экскурсій. А напачатку верасня на дарогах цэнтральнага рэгіёна будзе дзейнічаць яшчэ адна традыцыйная прафілактычная акцыя - "Увага: дзеці!". Супрацоўнікі ДАІ праінспектуюць праезную частку побач з усімі навучальнымі ўстановамі. Па статыстыцы, звычайна віноўнікамі ДТЗ з'яўляюцца вадзіцелі, якія не выконваюць хуткасны рэжым. Юных удзельнікаў дарожнага руху часцей збіваюць на пешаходных пераходах, а вось ДТЗ з удзелам школьнікаў-веласіпедыстаў стала менш.