У Магілёве на месцы былога лагера смерці пачалася маштабная рэканструкцыя мемарыяла

11 апреля 2020
"Беларусь памятае". Кожнага, хто набліжаў Вялікую Перамогу гераізмам і цаной свайго жыцця - лётчыкаў, пехацінцаў, танкістаў, падпольшчыкаў і партызан. У знак пашаны і ў якасці падарунка гораду ў Магілёве на месцы былога лагера смерці  пачалася маштабная рэканструкцыя мемарыяла. Абноўлены ён будзе да майскіх свят. Андрэй Ястрабаў  пра знакавае месца і захаванне памяці.

Зараз ціхі, утульны мікрараён на тэрыторыі задняпроў’я Магілёва - Лупалава. Да Вялікай Айчыннай менавіта тут базіраваліся палкі 43-й савецкай авіядывізіі. Летам 1941 пасля 23-дзённага супраціўлення Чырвонай арміі пад Буйнічамі немцы акупіравалі горад. А аэрадром  задзейнічалі пад лагер смерці. Гэта кадры нямецкага ваеннага журнала. Палонных - радавых чырвонаармейцаў і малодшага камандзірскага саставу, усіх захопленых на ўсходзе ад Дняпра - зганялі сюды, на 4 зборна-перасылачны пункт. Потым  шталаг № 341.

Адсюль вязняў адпраўлялі на катаржныя работы ў Германію, задзейнічалі на будаўніцтве ўмацаванняў уздоўж Дняпра. Лупалаўскі лагер смерці існаваў да вясны 1943, расказвае Аляксандра Буракова - навуковы супрацоўнік абласнога краязнаўчага музея. Ён і сёння захоўвае ўспаміны сведкаў тых часоў і рэдкія фотаздымкі. 

Пасля Вялікай Перамогі на месцы лагера смерці ўстанавілі помнік. А ў 1984 да 40-годдзя вызвалення Беларусі адкрылі маштабны мемарыял - сімвал вялікай трагедыі. 

Мемарыял стаў помнікам не толькі вязням (тут увекавечаны імёны і міліцыянераў, і апалчэнцаў), але і месцам пахавання салдат, якіх і дагэтуль знаходзяць пошукавікі. 

На гранітных плітах  каля 400 імён абаронцаў, у тым ліку  з паўсотні воінаў 238-й і 369-й стралковых дывізій 2-га Беларускага фронту, якія загінулі падчас вызвалення Магілёва. Сапраўдны падарунак гораду да 75-годдзя Вялікай Перамогі - маштабная рэканструкцыя мемарыяла. 

З’явяцца на мемарыяле і інфармацыйныя стэнды. І  яшчэ больш гарачым стане Вечны агонь - сімвал жыцця. Ён пасля рэканструкцыі да свята Вялікай Перамогі зноў нагадае сваім полымем пра захаваную памяць.