У Мёрах настаўнік перанёс 120-гадовы вясковы дом у школьны сад і стварыў музей

5 апреля 2020
Пагаворым пра машыну часу. І мы зараз не пра навуковую фантастыку. Менавіта так называюць свае ўрокі гісторыі ў мёрскай школе вучні трэцяга класа.

Беларуская хата з печчу і астатнімі атрыбутамі. Адразу скажам: камп'ютары, інтэрактыўныя дошкі і іншыя атрыбуты сучаснай сістэмы адукацыі ў іх ёсць. Справа ў тым, што школьны настаўнік гісторыі Вітольд Ермалёнак купіў і перанёс у школьны сад вясковы дом, узрост якога больш за  120 гадоў, і арганізаваў там музей, ужо чацвёрты ў школе.

Экспазіцыя распавядае пра сельскі побыт жыхароў Мёраў у XVIII-XIX стагоддзях. Вывучэнню малой радзімы настаўнік прысвяціў больш за  40 гадоў. Разгадваць гістарычныя дэтэктывы - што можа быць больш цікавым? У гэтым перакананыя і ўдзельнікі створанага ім гуртка з рамантычнай назвай "Арганаўты мінулага". Аб адраджэнні і захаванні гістарычнай спадчыны малой радзімы - у рэпартажы Вольгі Маслоўскай. 

Вітольд Ермалёнак - адзіны экскурсавод па сваіх чатырох музеях. Ніхто з калег нават не спрабуе раўняцца з выдатным расказчыкам, які толькі ў гэтай сялянскай хаце прапануе на выбар 20 экскурсій: побыт продкаў, выраб ільнянога адзення, зёлкі ад бабулі, старажытныя стравы з печы. Разам з наведвальнікамі прыносяць дровы, запальваюць агонь і ў чыгунках гатуюць стравы беларускай кухні. Але не па кулінарнай кнізе, а па творах класікаў. 

На сценах гарлачы, прылады для прання, хітрыя прыстасаванні бортніка, вядома, вышываныя рушнікі, маляванкі і рукапісны партрэт, які, на думку аўтара экспазіцыі, належыць руцэ Язэпа Драздовіча. У куце куфар з саматканым адзеннем. У шафах  вопратка на любы выпадак. 

З якого пляча кажух, чыё дзіця гадавалася ў калысцы - усё ведае краязнавец. Карысталіся гэтымі рэчамі жыхары Мёрскага краю, а калі іх час прайшоў, пыліліся на гарышчы старых хат. Там і знаходзіў іх калекцыянер. Шмат чаго Вітольду Ермалёнку прынеслі самі мясцовыя жыхары  - ён тут фігура знакамітая. Маладым настаўнікам пасля размеркавання аб’ехаў усё наваколле. Расказы старых слухаў гадзінамі. 

Першы музей - краязнаўчы - гісторык адкрыў больш за 30 гадоў таму. Экспанаты для яго пачаў збіраць яшчэ ў студэнцтве. Ездзіў на раскопкі, разгружаў вагоны, а на заробленыя грошы купляў аўтэнтычныя рэчы. У экспазіцыі ёсць насамрэч унікальныя артэфакты. Напрыклад, такой манеты - а гэта фальшывы арабскі дырхем - няма нават у Эрмітажы. 

Са школьнікамі, якіх аб’яднаў у гурток з рамантычнай назвай “Арганаўты мінулага”, абыходзіў курганы і пераараныя палі ў надзеі знайсці сенсацыю. Адбылося. І не аднойчы. Вось гэты крамнёвы разец знайшоў яго сын, што з маленства суправаджаў бацьку ў экспедыцях. Праз гады, калі вучыўся на гістарычным факультэце БДУ, паказаў знаходку выкладчыку. Той ледзь на нагах устаяў.

Вітольд Ермалёнак, выкладчык гісторыі СШ № 3 Мёраў: "Адкуль ты гэта прывёз? Гэта ўнікальна для Віцебшчыны. Яму не 7 тысяч гадоў, а 12-13 тысяч. Гэта фінальны палеаліт". 

Разам з гурткоўцамі краязнавец распрацаваў і некалькі турыстычных маршрутаў па Мёршчыне. Так з’явіліся “Сярэбраны пярсцёнак Мёрскага раёна”, “Малы залаты пярсцёнак Мёрскага краю”, “Пярсценак вайны 1812 года. Паўночны напрамак”. Тут і возера з патануўшымі званамі манастыра, што прабуджаюць мясцовых таямнічым звонам, і гарадзішча жалезнага веку ў весцы Бліжняе Чурылава, і калона ў Лявонпалі, у якую, згодна з паданнем, замураваны чалавек. А вось гэты помнік прыроды са спадчыны ледавіка Вітольд Ермалёнак нам паказвае адным з першых. 

Падрабязнае апісанне маршрутаў з фотаздымкамі гістарычных месцаў і ўражаннямі ўдзельнікаў экспедыцый увайшло ў кнігу, што тры гады таму напісаў краязнавец. Яшчэ адно выданне прысвяціў сваім вучням - усім, хто прайшоў праз яго гурток “Арганаўты мінулага”, хто вывучаў гісторыю краіны праз гісторыю малой радзімы і хто назаўжды застанецца адданым свайму краю з такой багатай спадчынай.