У Мінскай вобласці супрацоўнікі МНС правяраюць пячное абсталяванне

29 ноября 2019
З-за няўстойлівага надвор'я і мінусавых тэмператур у Мінскай вобласці супрацоўнікі МНС правяраюць пячное абсталяванне. Так, у Стаўбцоўскім раёне супрацоўнікі МНС падчас рэйдаў па прыватным сектары правяраюць печкі ў жылых дамах. Аглядаюць іх на прадмет расколін і прасадак, даюць рэкамендацыі гаспадарам. Тэму працягне Ілля Цвяткоў.

У Стаўбцоўскім раёне з самага ранку працуюць спецыялісты Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Пакуль толькі ў прафілактычных мэтах. Задача - нагадаць жыхарам вось такіх дамоў з пячным ацяпленнем правілы яго выкарыстання. Падобныя рэйды па прыватным сектары з надыходам халадоў арганізуюць кожны тыдзень. У большасці правераных дамоў да печак заўваг няма, многія гаспадары своечасова адрамантавалі грубкі, пабялілі ў адпаведнасці з правіламі. Аднак, паводле слоў ратавальнікаў, некаторыя жыхары не зусім адказна ставяцца да ўласнай бяспекі падчас ацяплення дамоў. 

Рэвізоры найперш кантралююць цэласнасць канструкцыі печак. Зазоры і шчыліны недапушчальныя. Асабліва старанна правяраюць функцыянаванне дымавой засланкi. Калі яна закрываецца не да канца - у памяшканні можна ўчадзець. Толькі за гэты год у Мінскай вобласці з-за парушэння правілаў эксплуатацыі ацяпляльнага абсталявання здарылася больш за 80 узгаранняў. На пажарах загінулі 7 чалавек. Кантроль будзе ажыццяўляцца на працягу ўсяго ацяпляльнага сезона. Ратавальнікі наведаюць таксама ўстановы адукацыі і працоўныя калектывы, дзе правядуць абавязковыя ўрокі бяспекі.