У Мінскай вобласці актыўна змагаюцца з баршчэўнікам

26 августа 2015

Чалавек супраць расліны. У Мінскай вобласці зараз актыўна змагаюцца з так званай інвазіўнай раслінай - баршчэўнікам. Работнікі аховы навакольнага асяроддзя выкарыстоўваюць усе магчымыя спосабы барацьбы - ад выкопвання кораня расліны да хімічнай апрацоўкі. Дарэчы, для больш эфектыўнай барацьбы ў вобласці ёсць спецыяльная машына - "антыбаршчэўнік".

Надзея Сербіненка ўбачыла, як у Лагойскім раёне супрацьстаяць шкодлівай расліне. Для жыхароў вёскі Лагаза, што на Лагойшчыне, баршчэўнік - сапраўдны шкоднік. Расліна, на дзіва жывучая і небяспечная для чалавека, літаральна за адзін сезон ператварае невялікі ўзлесак у зараснікі. Таму змагаюцца з баршчэўнікам тут адразу некалькімі спосабамі: механічным і хімічным. Адзін з самых дзейсных - апрацоўка спецыяльным гербіцыдам.

Гэты агрэгат мае назву "Раса". Чатырохколавы сродак барацьбы з баршчэўнікам мае вельмі футурыстычны дызайн, але галоўнае, што ён дапамагае змагацца з інвазіўнай раслінай. Гэтыя штангі распыляюць хімікат і не дазваляюць баршчэўніку расці і развівацца.

Мабільны агрэгат - адзіны ў Мінскай вобласці. А паколькі ў Лагойскім раёне самая вялікая папуляцыя баршчэўніка, машына пакуль тут.

Баршчэўнік Сасноўскага - інвазіўная расліна, з англійскай - "агрэсіўная". Яна выклікае на скуры чалавека хімічныя апёкі, таму зразаць сцябло трэба ў спецыяльным касцюме. Акрамя гэтага, баршчэўнік цалкам выцясняе іншыя культуры з глебы. Таму пасля апырсквання гербіцыдам палеткі абавязкова апрацоўваюць.

Там, дзе тэхніку пусціць немагчыма, на барацьбу з інвазівам выходзіць чалавек. Уручную апырскваюць зараснікі хімікатамі, дзе неабходна - рыдлёўкай выкопваюць карэнне.

Безумоўна, сачыць за станам глебы павінен яе гаспадар. На сваім участку варта высякаць баршчэўнік як мага хутчэй. У закрытай вопратцы і ў цёмны перыяд сутак. Пасля глебу трэба засеяць травамі.