У Мінску стане больш пляцовак для варкаўта

16 мая 2015

Вулічная гімнастыка, стрытбол і ролер-марафоны... У Мінску стане больш пляцовак для варкаўта. Новыя турнікі і перакладзіны з’явіліся ў Заводскім раёне. А на тэрыторыі студэнцкай вёскі і ў парку па вуліцы Шугаева ўсталююць пляцоўкі для стрытбола. Дарэчы, у жніўні ля Палаца спорту пройдзе чэмпіянат Еўропы па вулічным баскетболе сярод юніёраў. Аляксандра Драгун працягне тэму.

 

Васіль Бальшуноў гуляе ў стрытбол паўжыцця. Вучыўся вулічнаму баскетболу на малой радзіме - у Салігорску. Там прайшлі і яго першыя спаборніцтвы. Пасля пераехаў у сталіцу і трэніравацца пачаў больш заўзята... Ёсць нават свая каманда. Няхай і аматарская, але вынікі – не горшыя, чым у прафесіяналаў.

Як толькі растае снег, на вуліцах Мінска ўладкоўваюць пляцоўкі для стрытбола. Адна з самых папулярных – ля Палаца спорту. У жніўні тут пройдзе турнір еўрапейскага маштабу сярод юніёраў. Дарэчы, на лета расклад для аматараў вулічнага баскетбола насычаны.

Сёлета дадатковыя пляцоўкі для гульні ў стрытбол з’явяцца на тэрыторыі студэнцкай вёскі і ў парку па вуліцы Шугаева. А ў Заводскім раёне рыхтуюць да ўрачыстага адкрыцця пляцоўку для варкаўта. 

 “Сонейка” Заір Саідаў робіць без страхоўкі. Можа дагары нагамі круціцца як на руках, так і на насках. Праўда, каб выконваць віртуозныя трукі бездакорна, спатрэбіліся гады трэніровак. Цяпер прахожыя заглядваюцца на вулічнага гімнаста.

Турнікі, брусы, перакладзіны, спартыўныя лесвіцы... Вулічныя трэнажоры даступны кругласутачна і бясплатна. Сёлета ў гэтым лесапарку з’явіліся дзве пляцоўкі для стрыт-варкаўта. Нават без спартыўнай формы ўмацаваць фізічнае здароўе можна падчас звычайнага шпацыру. Турнікоў  - 15. На любы густ.

Саша Баровіч з маленства прывык трымаць сябе ў выдатнай форме – займаецца тайскім боксам. Сёння ён курсант Акадэміі авіяцыі, таму трэніруецца ў вольны ад вучобы час.

Для аматараў веласпорту ў найбліжэйшы час у горадзе адкрыюць 10 пунктаў пракату двухколых. Пакуль іх 20, а гэта каля 600 веласіпедаў. Акрамя гэтага, сёлета стане больш і гандлёвых пунктаў ля веламагістраляў.