У Мінску з'яўляюцца новыя пляцоўкі для гульні ў гарадкі

3 августа 2021

Спорт родам з двара. У сталіцы расце цікавасць да гульні ў гарадкі. З'яўляюцца цэлыя каманды і школы па гарадошным спорце, а адпаведна  і новыя пляцоўкі. Задача гульцоў - за меншую колькасць кідкоў разбіць фігуры з драўляных брускоў (гарадкоў). Гэты від спорту патрабуе асаблівай фізічнай падрыхтоўкі. Вага біты для кідка ў прафесійных гарадошнікаў даходзіць да двух кілаграмаў. 

Ужо хутка мінскую прапіску каля станцыі метро "Трактарны завод" атрымае і новая пляцоўка для дваровага віду спорту. Адначасова тут змогуць гуляць адразу шэсць каманд. Памеры і абсталяванне дазволяць праводзіць на ёй спаборніцтвы не толькі гарадскога, але і рэспубліканскага маштабаў.

Гульні больш за 200 гадоў. Першыя ўспаміны гісторыкі знайшлі яшчэ на заходнееўрапейскіх каляровых гравюрах, дзе расказвалася пра незвычайны спорт на ўсходнеславянскіх землях.