У Мінску з'явіўся басейн у мікрараёне Брылевічы

6 сентября 2017

Некалькі дзён засталося да знакавай даты - юбілею сталіцы. Да свята прымеркавалі адкрыццё многіх значных аб'ектаў. Следам за новай школай і дзіцячымі садкамі ў Мінску з'явіўся яшчэ адзін спартыўны аб'ект. Гэта басейн у мікрараёне Брылевічы. Больш падрабязна Аляксей Кандраценка.

Інфраструктура мікрараёна Брылевічы апошнім часам прыкметна развіваецца як у колькасці сацыяльна значных аб'ектаў, так і іх якасці. Не так даўно тут на вуліцы Чачота адкрылася дзіцячая паліклініка, і вось пачаў працаваць яе сусед - новы басейн.

З першага ж дня дзеці аблюбавалі ўвесь комплекс. Адзін басейн на 25 метраў, другі меншы. Сярод іх і навучэнцы 4-га спецыялізаванага спартыўнага класа школы нумар 208. Для юных плыўцоў тут максімум магчымасцяў, таму трэніроўкі з задавальненнем і кожны дзень.

«Дружба» - першы басейн горада, які ўзвялі па тыпавым праекце. Спартыўны будынак спраектаваны з мінімальнымі выдаткамі, пры гэтым тут ёсць усё для таго, каб займацца плаваннем на высокім узроўні. Акрамя таго, ёсць дарожкі для маламабільных людзей. Усяго ж асвоіць брас або кроль могуць адначасова да 70 чалавек.

Тыпавыя басейны плануецца ўзводзіць у кожным раёне горада. Ужо ў 2018-м да Маскоўскага далучацца Фрунзенскі і Заводскі.