У Мінску адкрылася касмічная абсерваторыя

4 октября 2014
Паглядзець на зоркі па-новаму. Сёння ў Мінску ў Міжнародны дзень астраноміі праз 20 гадоў адкрылася касмічная абсерваторыя. Праект, на які выдаткавана больш за сто мільёнаў рублёў, зараз, абяцаюць спецыялісты, зможа паказаць не толькі ўжо звыклыя Сонца і Месяц, але і нават зрабіць дэтальныя фатаграфіі планет.

Пра новы тэлескоп распавядзе Аляксей Радзівонаў.

Вось ён, мабыць, доўгачаканы момант не толькі для прафесійных астраномаў, але і для аматараў паглядзець у адкрыты космас. Замест ужо ўсім звыклай таблічкі Зачынена, зараз - Сардэчна запрашаем!. У Міжнародны дзень астраноміі праз амаль чвэрць стагоддзя ў Мінску зноў расчыніла свае дзверы сапраўдная касмічная абсерваторыя.


Расказваць без захаплення пра новы тэлескоп, запэўнівае загадчык Мінскага планетарыя Аляксандр Мікуліч, проста нельга. Паглядзець на Сонца або нават на іншыя галактыкі тут можна было яшчэ ў 1965 годзе, але зрабіць гэта маглі толькі спецыялісты - абсталяванне было занадта складаным. Аднак зараз не толькі распавесці, але і паказаць ва ўсіх падрабязнасцях месяцовыя кратары змогуць нават дзецям.


Нягледзячы на тое, што тэлескопу ўжо амаль сто гадоў, пасля рэстаўрацыі, гавораць астраномы, здзіўляць наведвальнікаў ён зможа яшчэ столькі ж. Самыя сучасныя лінзы дазволяць убачыць касмічныя аб'екты намнога выразней. А аднаўлялі яго не толькі працаўнікі абсерваторыі, але і валанцёры. Прызнаюцца, працавалі з задавальненнем.


А як інакш, бо далёкае, сапраўды, цікава шматлікім. Ды і лічбы гавораць самі за сябе - за ўсё існаванне абсерваторыі ў тэлескоп паглядзела больш за паўтара мільёна чалавек.


Для таго, каб убачыць зоркі на небе, запэўніваюць спецыялісты, не абавязкова быць сапраўдным астраномам. Тут няма ніякіх камп'ютараў - усё ўпраўленне адбываецца ўручную. Вось, напрыклад, па спецыяльнай шкале выстройваем каардынаты і наводзім рэзкасць у аб'ектыве.


А вось акрамя самога тэлескопа астраномы рыхтуюць яшчэ адзін падарунак беларусам. Ужо зусім хутка ў планетарыі адкрыюць адну з самых вялікіх у краіне выставу метэарытаў і пакажуць так званае сферычнае кіно. Але пакуль жа проста паглядзець на зоркі можна нават на беразе Свіслачы. Гэта яшчэ адзін падарунак беларусам у Міжнародны дзень астраноміі. Валанцёры паабяцалі, што тэлескопы, зазірнуць у якія можа любы жадаючы абсалютна бясплатна, забяруць дадому толькі глыбокай ноччу.