У Мінску на месцы канцлагера ў Трасцянцы адкрылі мемарыял

23 июня 2015

Гэтай падзеі чакалі ў Беларусі і за мяжой доўгія дзесяцігоддзі. Напярэдадні ў Мінску прайшла цырымонія адкрыцця мемарыяльнага комплексу ў Трасцянцы. Усяго за год зроблена амаль немагчымае. Мемарыял пабудаваны на месцы канцлагера. Яго ахвярамі ў гады Вялікай Айчыннай сталі звыш 200 тысяч чалавек. Гэта больш, чым у Бухенвальдзе і Дахау разам. У цырымоніі адкрыцця мемарыяла прыняў удзел Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

Чацвёрты па велічыні лагер смерці ў Еўропе - Трасцянец - стаіць у адным шэрагу з такімі крывавымі, як Асвенцім, Майданек і Трэблінка. Тут фашысты знішчылі больш чым 200 тысяч чалавек розных веравызнанняў і нацыянальнасцяў. Беларусь, якая страціла ў гады вайны кожнага трэцяга жыхара, ніколі не забудзе тых страшных падзей.

Менавіта таму было прынята рашэнне стварыць вялікі мемарыял. Капсулу з пасланнем будучым пакаленням Прэзідэнт заклаў роўна год таму.

І вось першая чарга комплексу ўжо гатовая. На цырымоніі адкрыцця галоўныя героі - ветэраны. Яны ледзь стрымліваюць слёзы, але дзеляцца: гэты манумент - памяць для будучых пакаленняў.

Па задуме архітэктараў, цэнтрам комплексу стаў манумент "Брама памяці". Пакуты, слёзы і боль. Тое, што адчувалі вязні канцлагера, адлюстраванае ў гэтай кампазіцыі.

"Брама памяці" - тут целы людзей пераплятаюцца з калючым дротам і створкамі варот, што сімвалізуе немагчымасць выбрацца з палону. Дзесяціметровую, самую высокую ў краіне бронзавую скульптуру спецыяльна вырашылі зрабіць без п'едэстала, так далёкая трагедыя становіцца больш блізкай і адчувальнай.

Мемарыяльны комплекс аб'ядноўвае некалькі месцаў масавага знішчэння людзей. Лагер быў размешчаны побач з вёскай Малы Трасцянец за 10 кіламетраў ад Мінска. Урочышча Благаўшчына - гэта месца масавых расстрэлаў, тут жа людзей закопвалі ў ямах даўжынёй 50 метраў. А ў вёсцы Шашкоўка гітлераўцы пабудавалі печ, каб спальваць целы. Акрамя таго, паміж Мінскам і Трасцянцом вязняў перавозілі ў машынах-душагубках, дзе людзі задыхаліся ад газу. За страшнымі лічбамі аб загінуўшых - жыцці соцень тысяч чалавек. Не выпадкова цырымонія адкрыцця мемарыяла 22 чэрвеня - у дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Аляксандр Лукашэнка ідзе па так званай дарозе памяці, следам за ім - юныя беларусы. У тым ліку і для іх ствараецца гэты мемарыял, каб памяталі. Уздоўж гранітныя пліты з інфармацыяй аб месцах масавага знішчэння людзей на акупіраваных землях Беларусі. У кожнай вахту нясуць вартавыя часу - вайскоўцы роты ганаровай варты. Нябачныя ўдзельнікі цырымоніі - вязні Трасцянца і іншых канцлагераў.

Ля манумента, які адлюстроўвае маштабы і жахі трагедыі, сотні чалавек. Гэта ў першую чаргу ветэраны, іх дзеці і ўнукі, дыпламатычны корпус і проста неабыякавыя беларусы. Усе яны прыйшлі ўшанаваць памяць ахвяр нацысцкай ідэалогіі. Такое не забываецца, гэтая трагедыя агульная для ўсіх. Сярод першых ля падножжа вянок ад Прэзідэнта Беларусі.

Тры гады падчас Вялікай Айчыннай вайны на гэтым месцы не спыняліся пакуты і слёзы. Боль страты і скруха не сціхаюць і сёння. Як скажа Прэзідэнт, усіх аб'ядноўвае дэвіз "Ніхто не забыты і нішто не забыта".

Вечны боль адлюстраваны ў "Браме памяці". Трапляючы ў лагер смерці, чалавек мог сюды ўвайсці, але выйсці жывым ужо ніколі. На тэрыторыі больш чым сто гектараў нацысты стварылі сапраўдную фабрыку смерці. Гэты мітынг-рэквіем у гонар тых, хто прыняў пакутніцкую смерць.

Ужо пасля цырымоніі Аляксандр Лукашэнка размаўляе з ветэранамі. Вядома, галоўныя пажаданні для тых, хто 70 гадоў таму абараніў незалежнасць і мір для роднай зямлі, - гэта здароўе і даўгалецце.

Узвядзенне гэтага манумента стала агульнанародным праектам. Адкрытыя дабрачынныя рахункі, частка сродкаў паступіла і ад замежных мецэнатаў. Боль Трасцянца падзяляюць з беларусамі жыхары многіх краін.

У Беларусі ўмеюць памятаць, бо ахвяры Вялікай Айчыннай - рана, якую час не лечыць. І як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, будаўніцтва гэтага мемарыяла для беларусаў - справа гонару. Напэўна і таму пасля завяршэння цырымоніі людзі яшчэ доўга не разыходзіліся. Нават ветэраны, многім з якіх ужо кожны крок даецца цяжка, імкнуліся дакрануцца да "Брамы памяці".

Глядзець цырымонію адкрыцця мемарыяльнага комплексу.