У Міністэрстве эканомікі падвялі вынікі нацыянальнага конкурсу "Прадпрымальнік года"

28 октября 2016

Лепшыя прадпрымальнікі Мінскай вобласці жывуць у Смілавічах, Фаніпалі і Салігорску. У Міністэрстве эканомікі падвялі вынікі нацыянальнага конкурсу "Прадпрымальнік года". Лепшых бізнесменаў вызначылі ў пяці намінацыях. У ліку 34-х пераможцаў чацвёра прадстаўляюць цэнтральны рэгіён, яшчэ пяць - сталіцу. Надзея Сербіненка сустрэлася з лепшымі прадпрымальнікамі года і даведалася, у чым сакрэт паспяховага бізнесу.

Тысяча розных рэцэптур і мільён магчымых колераў… Мінскае прадпрыемства па вытворчасці фарбаў для друку – самае буйное ў краіне. Іх профіль – так званы флексадрук, калі фарба наносіцца на ўпакоўку для харчовых прадуктаў: на пластык і паперу. Над стварэннем беларускай фарбы, якая па цане і якасці канкурыруе з сусветнымі брэндамі, тут працуюць 15 гадоў.

Усе фарбы, якія выпускаюць на фабрыцы, праходзяць некалькі этапаў праверкі якасці. Кожны ўзор партыі захоўваецца тут на працягу паўгода, каб прасачыць змены ў тэкстуры і колеры. Гэта своеасаблівы гарант якасці.

Лабараторны кантроль дазваляе выпускаць фарбы згодна з міжнароднымі «зялёнымі» стандартамі. А гэта - пропуск на рынкі іншых краін. За поспехі ў экспарце прадукцыі і пастаянную працу з сучаснымі тэхналогіямі кіраўнік прадпрыемства Мікалай Хацько стаў "Прадпрымальнікам года".

У ліку 34-х лепшых прадпрымальнікаў года - 4 з Мінскай вобласці. Адзін з іх прадстаўляе кветкавы бізнес ва Уздзе, другі – навукова-вытворчае аб'яднанне ў Салігорску, трэці займаецца вытворчасцю вымяральных прыбораў у Фаніпалі, завяршае пералік дырэктар гандлёвай сеткі ў Смілавічах.

Салігорская кампанія распрацоўвае інавацыйныя тэхналагічныя рашэнні для горна-хімічнай галіны. У спісе іх партнёраў найбуйнейшыя прамысловыя карпарацыі Фінляндыі, Германіі, Расіі. Галоўны заказчык - Беларуськалій. Калектывам у 150 чалавек кіруе Аляксандр Галіцын. Гарняк у чацвёртым пакаленні, кіраўнік выдатна разбіраецца ва ўсіх тонкасцях вытворчага працэсу. Інавацыі, створаныя салігорскімі хімікамі, канструктарамі і тэхнолагамі, прыносяць стабільны прыбытак. За апошні год ён вырас утрая.

Паўдзельнічаць у конкурсе «Прадпрымальнік года» могуць і бізнесмены-пачаткоўцы ў намінацыі "Паспяховы старт". Толькі сёлета ў Мінскай вобласці да 57 тысяч суб'ектаў малога і сярэдняга бізнесу далучыліся 500 пачаткоўцаў.