У міліцыю працягваюць паступаць скаргі ад незадаволеных пасажыраў метрапалітэна

10 января 2019

Спрэчная сітуацыя ўзнікла паміж сталічным метрапалітэнам і грамадзянамі, якія карыстаюцца бескантактнай аплатай праезду. У міліцыю сталі паступаць заявы аб крадзяжы або неправамерным спісанні сродкаў падчас праходжання цераз турнікет. Па кожнай заяве праводзіцца праверка, але ніякіх нараканняў з боку наглядных органаў няма. У сітуацыі разбіраўся Уладзімір Каралёў.

Летась Мінскі метрапалітэн запусціў паслугу аплаты праезду банкаўскай картай. Гэта дазволіла шматлікім мінчанам і гасцям сталіцы не стаяць у чарзе. Але ці ўсім новаўвядзенне спадабалася?

За апошнія паўгода бескантактным спосабам аплаты ў падземцы скарысталіся звыш 5 мільёнаў чалавек. Пік прыпаў на снежань. Сістэма дазваляе не толькі забыць пра жэтоны, але і даведацца праз банкаўскую карту, адкуль пасажыр. У будучыні такі аналіз аплаты дазволіць вывучыць пасажыраў, а значыць выяўляць пік нагрузкі на падземку, уплыў пасажырапатоку на змяненне маршрутаў грамадскага транспарту, вывучыць наплыў замежных пасажыраў.

Андрэй Дроб, прэс-сакратар Мінскага метрапалітэна: "Грамадзяне больш як 40 краін свету скарысталіся такім спосабам аплаты ў Мінскім метрапалітэне - ЗША, Канада, Аўстралія, Новая Зеландыя, практычна ўсе кантыненты".

Але ці ўсё так зразумела з сістэмай разліку, чаму ў міліцыю працягваюць паступаць скаргі ад незадаволеных пасажыраў, а Інтэрнэт стракаціць гнеўнымі паведамленнямі:

"Прыклаў банкаўскую карту, каб прайсці ў метро, знялі як за траіх. Пакуль ехаў, пакапаўся ў эсэмэсках, аказалася, гэта не першы раз. Сварыцца не стаў, спяшаўся на працу".

"Аплаціў бескантактнай картай праз турнікет на станцыі "Аўтазаводская", а ў выніку аплаціў за 3 праходы. Ці ў нас падняліся цэны на жэтоны, ці я карту ператрымаў?"

"Аплаціў адзін раз у метро, спісалі двойчы або тройчы. Як такое магчыма?" - абураюцца тыя, хто напісаў заяву ў міліцыю. Дэталёвая праверка паказала, што сістэма спраўная. А вось СМС-паведамленні, як і спісанні, адбываюцца з затрымкамі. Банку, які абслугоўвае метрапалітэн, фінансава выгадна аб'ядноўваць некалькі паездак і толькі пасля спісаць выніковую суму.

Іншымі словамі, спісанне за праезд у метро можа адбывацца праз суткі або двое. Пры гэтым калі вы ездзілі некалькі разоў, сістэма аб'яднае паездкі і спіша ўсю суму за раз. Банку нявыгадна штораз спаганяць з вас 65 капеек, зручней рубель 95. Сістэма спісвае не больш за тры паездкі адразу на працягу двух сутак. А каб не было пытанняў, распрацоўшчыкі запусцілі спецыяльны сэрвіс, дзе можна праверыць сваю аплату ў метро.

Распрацоўшчыкі таксама нагадалі, што трэба прыкладваць толькі адну бескантактную карту да валідатара. Тым часам многія пасажыры лянуюцца даставаць пластык з партманэ і прыкладваюць увесь кашалёк. Радыус дзеяння счытвальнай прылады некалькі сантыметраў. А значыць, ёсць імавернасць, што сродкі могуць спісацца як з праязнога, так і з банкаўскай карты. Якую крыніцу выбірае сістэма ў метро, нават распрацоўшчыкі адказаць не могуць, бо гэта залежыць і ад радыусу дзеяння саміх карт. Такія выпадкі адбываюцца, але ўжо па няўважлівасці саміх пасажыраў.