У курортным пасёлку Нарач узводзяць новую школу

28 июля 2016

Лінгафонныя класы, трэнажорная зала, гарадок ДАІ, пляцоўка для метэаралагічных і геаграфічных назіранняў. У курортным пасёлку Нарач узводзяць новую школу. Гэты сацыяльны аб'ект стане самым вялікім за бягучую пяцігодку у Мінскай вобласці. Разлічана ўстанова на 590 месцаў. Зараз будынак гатовы на 90 працэнтаў. Застаюцца ўнутраныя аддзелачныя работы, устаноўка школьнай мэблі і добраўпарадкаванне тэрыторыі. Першага верасня званок пакліча дзяцей на першы ўрок у новай школе. Чаму для рэалізацыі такога маштабнага праекта выбралі пасёлак Нарач - ведае Аляксандра Драгун.

Яшчэ летась школа нумар два, што у курортным пасёлку Нарач, займала тры асобныя будынкі. Гэты - як раз адзін з філіялаў. Больш за паўтысячы вучняў вымушаны былі прызвычайвацца да такіх умоў і хадзіць па веды ў дзве змены.

Са студзеня будаўнікі пачалі ўзводзіць новую школу. Дарэчы, установа - самая маштабная будоўля сацыяльнага профілю ў Мінскай вобласці за апошнія пяць гадоў.

Штодзень Генадзь Крыштафовіч сочыць, як расце доўгачаканая школа. Дырэктар установы з гонарам расказвае аб лінгафонных класах, прасторных залах, дзе вучні змогуць займацца спортам і творчасцю.

Школьнікі малодшых класаў размесцяцца на першых двух паверхах. Для фізічнага выхавання вучняў толькі у будынку школы – 700 квадратаў, гэта трэнажорная і спартыўная залы.

Першага верасня новая школа ветліва расчыніць дзверы для вучняў. А старыя будынкі таксама прыстасуюць для навучальнага працэсу. Тут арганізуюць гурткі па розных напрамках, каб пасля заняткаў дзеці развіваліся творча.